Фото: t.me/V_Zelenskiy_official
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі лічыць, што Аляксандр Лукашэнка паступова ўцягвае беларусаў у вайну. Пра гэта ён заявіў у інтэрв’ю “Зеркалу”.
“Я лічу, што ён уцягвае беларусаў. Уцягвае — але гэта не значыць, што беларускія салдаты, вайскоўцы, памежнікі сёння прыйдуць на нашу тэрыторыю. Як я ўжо казаў, зараз іншая вайна — можна ўцягваць тэхналагічна. Ён уцягвае размяшчэннем сваіх дапаможных тэхнічных сіл на вашай тэрыторыі.
[І таму] ўжо не можа Лукашэнка сказаць: «Я не кантраляваў [ракеты], гэта раней тут стаяла, і таму яно паляцела». Але такіх дронаў, як цяпер, не было да пачатку вайны, такіх рэтранслятараў не існавала, якімі яны карыстаюцца, ніякага «Арэшніка» фізічна на тэрыторыі Беларусі не было. І ён не можа проста так з’явіцца. Вось пра што я кажу. Прабачце, што столькі разоў [паўтараюся]. Ведаеце, адчуваю рызыку. Адчуваю”, — сказаў ён.
Раней менавіта размяшчэннем рэтранслятараў для навядзення “Шахедаў” і з’яўленнем “Арэшніка” ў Беларусі Зяленскі тлумачыў сваё рашэнне ўвесці санкцыі супраць Аляксандра Лукашэнкі. Паводле яго слоў, санкцыямі ў дачыненні да Лукашэнкі справа не абмяжуецца. Яны могуць закрануць і яго атачэнне.
У інтэрв’ю прэзідэнт Украіны таксама згадаў, што ўкраінскія службы займаліся тым, што “тры-чатыры рэтранслятары ўжо не працавалі на тэрыторыі Беларусі”. Ён не стаў удакладняць, якім чынам гэта было дасягнута.