Владимир Зеленский. Скриншот видео
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі ў інтэрв’ю “Зеркалу” расказаў пра тэлефонную размову з Аляксандрам Лукашэнкам, якая адбылася на пачатку вайны. Украінскі прэзідэнт абверг версію Лукашэнкі, які неаднаразова казаў, што нібыта яго сын Мікалай арганізаваў званок.
Расказы пра ролю Мікалая Лукашэнкі Зяленскі назваў фантасмагорыяй.
“Гэта нейкая фантасмагорыя, калі шчыра. Першае: трэба яшчэ ўспомніць, на які тэлефон ён [Аляксандр Лукашэнка] званіў — наўрад ці на мой тэлефон. Але тым не менш я з ім размаўляў. Другое: ён прасіў прабачэння, і ён вельмі баяўся, што мы нанясём удары [ў адказ]. І ён сам сказаў: «Ну давайце, наносьце па заводзе», бо ён не ведаў, што мы можам зрабіць. І я думаю, што ён зразумеў, што нас «не прыкончылі» ў першыя ж суткі — не прыкончылі наш народ, не прыкончылі нашу армію і не прыкончылі мяне асабіста. І калі ён гэта зразумеў, ён стаў шукаць магчымасць пагутарыць са мной. Ён шукаў — я не хацеў. Я не адразу адрэагаваў, я не хацеў гаварыць, я быў страшэнна злы на яго. Ну і ў прынцыпе такая ў нас размова з ім і была.
А беларуская прапаганда — гэта прапаганда. А ў мяне ёсць сведкі гэтай размовы, і калі спатрэбіцца калі-небудзь, то, я думаю, можна нават будзе прачытаць гэтую размову”, — сказаў Зяленскі.
Адказваючы на ўдакладняльнае пытанне пра сувязь з размовай Мікалая Лукашэнкі, Зяленскі сказаў, што нічога пра яе не ведае.
“Не-не. Я пра Колю Лукашэнку ведаю толькі, што ён Коля Лукашэнка. Больш нічога пра гэтага хлопца не ведаю”, — сказаў ён.