Літва перадала ІКАО доказы інцыдэнтаў з метэазондамі

Літва афіцыйна прадставіла Міжнароднай арганізацыі грамадзянскай авіяцыі (ІКАО) пакет доказаў, якія датычацца інцыдэнтаў з запускам кантрабандных шароў-зондаў з тэрыторыі Беларусі. Пра гэта ў сераду на прэс-канферэнцыі паведаміла прэм’ер-міністр краіны Інга Ругінене, піша LRT са спасылкай на BNS.

«Літва афіцыйна звярнулася ў Міжнародную арганізацыю грамадзянскай авіяцыі, прадставіўшы сабраныя ёю доказы парушэнняў паветранай прасторы, учыненых з тэрыторыі Беларусі, — заявіла яна. – Гэта не адзінкавыя выпадкі, гаворка ідзе пра паўтаральныя дзеянні, якія закранаюць нашу грамадзянскую авіяцыю і ўяўляюць пагрозу для бяспекі міжнародных палётаў».

Літва разлічвае на «пэўную міжнародную ацэнку і прынцыповы адказ» з боку арганізацыі.

Міністр транспарту Юрас Тамінскас адзначыў, што Вільнюс бачыць прыкметы прызнання гэтых дзеянняў гібрыднай атакай. На яго думку, рашэнне ІКАО можа мець сур’ёзныя наступствы для Мінска.

«Гэта стала б сур’ёзным палітычным ударам для рэжыму, які спрабуе вярнуцца на міжнародную арэну, супрацоўнічаць, выйсці на адкрытасць, таму што Мінск вельмі неахвотна і пазбягае прызнання ІКАО факту парушэння міжнароднага права грамадзянскай авіяцыі», — заявіў ён.

«Гэта таксама ў значнай ступені спрыяе таму, што калі ў будучыні будуць разглядацца дадатковыя санкцыі, то падобныя матэрыялы і прызнанне ІКАО факту парушэння міжнароднага права грамадзянскай авіяцыі могуць прывесці да таго, што мінскі рэжым атрымае істотныя санкцыі», — дадаў кіраўнік ведамства.

Міністр звярнуўся ў ІКАО ў кастрычніку мінулага года, але арганізацыя тады адзначыла, што пры разглядзе падобных інцыдэнтаў неабходна прадастаўляць канкрэтныя доказы.

Паводле слоў Тамінскаса, пакуль складана сказаць, колькі часу зойме ацэнка ІКАО, але звычайна гэта займае каля года.

«Гэта будзе залежаць ад таго, як доўга будзе працягвацца гібрыдная атака на Літву, мы працягнем дадаваць даныя. (…) На практыцы звычайна можна сказаць, што працэс займае да года, таму што ІКАО звяжацца з Беларуссю для прадастаўлення сваіх тлумачэнняў, гэта цэлы прававы механізм, які нельга ні паскорыць, ні запаволіць», — сказаў міністр.

З мінулай восені службы праверылі каля 50 тысяч чалавек, 38 тысяч аўтамабіляў, канфіскавалі каля 100 паветраных шароў і выявілі 234 тысячы пачкаў цыгарэт, паведаміў ён.

Паводле даных Міністэрства транспарту, з кастрычніка мінулага года было зафіксавана як мінімум 16 парушэнняў паветранай прасторы, што закранула інтарэсы больш за 53 тысячы пасажыраў і прывяло да адмены або затрымкі больш за 370 рэйсаў. Агульная шкода ад гэтых інцыдэнтаў ужо перавысіла 2,3 мільёна еўра.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!