Фото: vstarnyba.lrv.lt
Служба грамадскай бяспекі Літвы (VST) узмацняе абарону стратэгічных аб’ектаў краіны, надаючы асаблівую ўвагу пагрозам з боку беспілотнікаў. Пра гэта паведаміла прадстаўніца службы Інгрыда Страгене, піша LRT са спасылкай на ELTA.
«Узмацненне бяспекі ўключае перагляд і ўдасканаленне як арганізацыйна-тэхнічных мер, так і цеснае супрацоўніцтва з літоўскімі вайскоўцамі, кіраўнікамі аб’ектаў, якія ахоўваюцца, і іншымі адказнымі ўстановамі. Вялікая ўвага таксама надаецца абароне ад пагроз, якія зыходзяць ад беспілотных лятальных апаратаў, — укараняюцца і ўдасканальваюцца меры па выяўленні, ідэнтыфікацыі і нейтралізацыі беспілотнікаў», — заявіла яна.
Прадстаўніца службы папярэдзіла, што частка мер, якія прымаюцца, можа быць заўважнай для насельніцтва — у прыватнасці, узмоцненае патруляванне супрацоўнікаў VST каля шэрагу аб’ектаў і больш частыя сумесныя дзеянні з арміяй.
«Таму жыхарам не варта турбавацца, калі яны заўважаць павелічэнне колькасці супрацоўнікаў VST або літоўскіх узброеных сіл — гэта частка запланаваных і пастаянна рэалізуемых мер па абароне аб’ектаў, якія маюць важнае значэнне для нацыянальнай бяспекі», — адзначыла яна.
Раней на гэтым тыдні Міністэрства ўнутраных спраў Літвы паведаміла, што Расія можа планаваць правакацыі супраць аб’ектаў у краінах Балтыі.
«Нельга выключаць, што для ўзмацнення напружанасці ў рэгіёне Расія можа планаваць зламысныя дзеянні або правакацыі супраць аб’ектаў у краінах Балтыі. Мы ўважліва сочым за сітуацыяй, узмацняем нашу гатоўнасць і абарону аб’ектаў крытычнай інфраструктуры», — заявіў міністр унутраных спраў Уладзіслаў Кандратовіч.
Міністр абароны Робертас Каўнас удакладніў, што ўзмоцненая ахова закране масты, электрападстанцыі, сістэмы газазабеспячэння і вузлы сувязі. Фізічную абарону стратэгічных аб’ектаў забяспечыць VST, пры неабходнасці да яе далучацца ўзброеныя сілы Літвы.