Фото: pixabay.com
Акруговы суд у польскім Калішы вынес прысуд 37-гадоваму грамадзяніну Беларусі, які жыве ў Яроцыне Велікапольскага ваяводства, за жорсткае збіццё мужчыны каля ўваходу ў адну з гарадскіх устаноў.
Як паведамляе Jarocinska.pl, мужчына прызнаны вінаватым у прычыненні цяжкай шкоды здароўю і прысуджаны да чатырох гадоў пазбаўлення волі. Акрамя таго, суд абавязаў яго выплаціць пацярпеламу 50 тысяч злотых у якасці кампенсацыі.
У тэрмін пакарання залічаны час, праведзены абвінавачаным пад вартай.
Злачынства адбылося 21 ліпеня 2024 года каля аднаго з бараў у Яроцыне. Абвінавачаны, які займаўся баявымі мастацтвамі, нанёс пацярпеламу ўдары рукамі ў вобласць галавы, прычыніўшы яму цяжкія цялесныя пашкоджанні. Судова-медыцынскія эксперты ўстанавілі, што траўмы пагражалі жыццю пацярпелага.
Паліцыя ўстанавіла і затрымала падазраванага. Пракурор Мацей Мелер, прэс-сакратар Акруговай пракуратуры ў Остраве-Велікапольскім, паведаміў, што мужчыну было прад’яўлена абвінавачанне ва ўмысным прычыненні цяжкай шкоды здароўю. Паводле польскага Крымінальнага кодэкса гэтае дзеянне кваліфікуецца як цяжкае злачынства. Пасля прад’яўлення абвінавачання мужчына быў узяты пад варту. Абвінавачаны сваёй віны не прызнаў.
Прысуд не ўступіў у законную сілу. Мера стрымання ў выглядзе папярэдняга зняволення была адменена пастановай суда 16 верасня 2025 года.