Экспазіцыя выставы «)O(». Фота: Антон Ганькоў
У галерэі арт-аб’яднання Onomato ў Дзюсельдорфе адкрылася сумесная выстава мастака Андрэя Дурэйкі і кампазітаркі Аляксандры Даньшовой. Выстава мае лаканічную назву – «)O(». Двухсэнсоўнасць літары «О» – як літары, знака, гуку і формы – успрымаецца аўтарамі як прасторавы контур навакольнай пустэчы.
Распыталі пра канцэпт выставы мастака Андрэя Дурэйку.
– Як нарадзілася ідэя сумеснай выставы?
– Ідэі заўсёды прыходзяць здалёк і з розных бакоў, а рашэнне рабіць паўстае на скрыжаванні мноства фактараў у канкрэтным пункце. Я даўно не займаюся жывапісам у традыцыйным сэнсе, аднак мой досвед і думкі ўвесь час з ім, і я часта пра яго разважаю. Калісьці даўно вядомы медыя-мастак Максім Тымінько падараваў мне пяць белых квадратных палотнаў — даволі складаны і нетыповы для мяне фармат, што стаў выклікам і правакацыяй да малявання. І шмат гадоў яны былі ў маёй майстэрні: часам стаялі стосам як аб’екты чысціні і няздзейсненай будучыні, а часам віселі на сцяне як архітэктанічны белы на белым рэльеф, альбо супрэматычны протажывапіс.
Аднак у 2018 годзе ў маёй майстэрні працаваў Захар Кудзін, і ён выкарыстаў іх, акрамя аднаго, для сваёй серыі «Ultra Sound». Такім чынам, гэта толькі некаторыя эпізоды дыялогу з мастакамі і сябрамі, а таксама імпульсы да дзеяння.
Другая лінія, і яна даволі тыповая для мяне, — гэта даследванне нулявога стану і імкненне да абагульняючага ідэальнага знака і формы вакол і каля нуля, усё яшчэ ў тым даўнім ланцугу дзюсельдорфскай традыцыі ZERO. І акурат гэты праект калісьці і распрацоўваўся для конкурсу ў Фундацыі ZERO. Як і многія з маіх праектаў, ён паўставаў на глебе кантэкстаў і пасляслоўяў — своеасаблівых недаслоўяў з трох літар, з цэнтральным знакам «О», які імкнецца стаць ідэальнай формай, але па сутнасці стварае абстрактнае нішто/нешта, што, у сваю чаргу, шукае выхады ў нейкім экстатычным агучванні.
Тады гэты праект не быў прыняты і застаўся толькі ў эскізах. А ў мінулым годзе, пасля выставы EU–UA, мае калегі і мастакі Мехтхільд Хагеман і Енс Штытген прапанавалі зрабіць выставу ў іх прасторы Onomato.
Onomato першапачаткова ў сваім маніфесце абвяшчала сябе месцам сінтэзу візуальнага і акустычнага мастацтваў, дзе дух паэзіі і жывога слова пранізвае прастору і напаўняе формы.
Анаматапея — гэта словы, якія перадаюць гукі праз сваё гучанне.
– І таму для гэтага праекта стала неабходнай музыка?
– Я даўно хацеў дакрануцца да тэмы музыкі, дакладней — гуку голасу як «культываванага крыку», у пэўным сэнсе адпаведнага «О». Нейкага пранізлівага «О» паміж усмешкай і скрухай, што знайшло адпаведнае графічнае вырашэнне ў назве )О(. Гэта не толькі два колы — поўнае і размыкнёнае. Гэта не толькі сучасны сеткавы жаргон, эмодзі, але і традыцыя новай іерогліфікі.
Гэта тое, як мы недагаворваем слова, як мы толькі абазначаем яго і распазнаём сэнсы, але яшчэ больш застаёмся ў агучванні. Менавіта галосная нас тут і цікавіць як галашэнне.
Ужо два гады існуе наша аб’яднанне Pavetra, у якім музыканты граюць вельмі важную ролю. І я распавёў пра сваю ідэю і прапанову праекта кампазітарцы Аляксандры Даньшовай, якая са здзіўленнем ад супадзення тэмы і з захапленнем, падтрымала мяне, і мы пачалі сумесна распрацоўваць канцэпцыю праекта менавіта для гэтай прасторы.
Праца ішла на працягу чатырох месяцаў: абмяркоўваліся тэмы і магчымыя формы рэалізацыі гукавога канцэпту ў прасторы — ад пачатковай ідэі перформансу для спявачкі і ўдарных інструментаў да татальнай прасторавай саўнд-інсталяцыі. Аднак мы прыйшлі да высновы, што гэта не павінен быць адзіны сінтэтычны праект, а хутчэй паралельная праца над выбранымі тэмамі, якая стварае агульную кампазіцыю і атмасферу. Мы спецыяльна распрацоўвалі кампазіцыю не толькі прасторы і рытму прац, паслядоўнасці і ўзаемадзеяння тэм, але і агучвання бачнага тэксту, які пераходзіць у восем аўтаномных музычных твораў. Строгасць лініі тэкставых канцэптуальных прац перабіваецца свабодным кружэннем дуг плэераў, а непрадказальнасць фізікі падзення дроту навушнікаў робіць наведвальнікаў выставы суаўтарамі зменлівага аблічча экспазіцыі.
Калі нам стала зразумела, як будзе выглядаць праект, нам спатрэбілася тэхнічная дапамога для стварэння спецыяльных музычных плэераў, якія, распадаючыся на восем дугападобных элементаў, усё ж нагадваюць пра адзінае кола, альбо пра колападобны рух. З гэтай часткай тэхнічна-творчай працы нам вельмі дапамог Міхась з Pavetra і сучасныя 3D-тэхналогіі, а з гукатэхнічнай — Антон Ганькоў. Сам жа я выступаў у даволі традыцыйным амплуа кансерватыўнага мастака-рамесніка, малюючы знакі/літары пэндзлем і пігментнай фарбай на палатне, апантаны амаль што медытатыўнай дакладнасцю выканання, геаметрычнасцю і магічнай глыбінёй чорнага колеру ў жорсткім сутыкненні з белым.
І вось пасля гэтага белага паўстае самае цікавае — гук. І тут дзіўным чынам самае нематэрыяльнае мастацтва — музыка — пачынае ствараць спецыфічныя карціны, якія часам маюць не толькі асацыятыўныя вобразы, але нават натуралістычныя матывы, пераўтвараючыся ў вібрацыю своеасаблівага звышрэалізму. Але тут ужо ў гульню ўступае індывідуальная фантазія ўяўлення гледача/слухача.
Цэнтральным элементам у музыцы з’яўляецца літара О, якую кампазітарка выразала з запісаў сваіх хораў, апрацавала і ўбудавала ў кампазіцыі. Астатнія кампаненты былі вызначаныя асацыяцыямі і вобразамі ад кожнага слова. Тут існуе яшчэ адзін важны момант, які настройвае на той ці іншы стан падчас напісання музыкі. Калі доўга глядзець на слова, то ў нейкі момант літары перастаюць адыгрываць значную ролю і нібы растаюць, а на іх месца прыходзіць стан, які і зафіксаваны ў музыцы. Такая канцэнтрацыя на цэнтры слова і пэўнае пагружэнне ў прасторавую «нештасць» з’яўляецца своеасаблівай медытацыяй, што злучае падсвядомасць і творчае ўвасабленне ў шуме і гуках.
Мы ўсё ж вярнуліся і да перформатыўных практык, якія нам абодвум блізкія і адпавядаюць духу Pavetra. І на аснове кампазіцый Аляксандры падчас адкрыцця быў рэалізаваны хэпэнінг гучнага і памножанага «О», у які ўцягнуліся і гледачы.
Падчас працы выставы 24 красавіка ў 19:00 адбудзецца прэзентацыя праекта «AD DA» Андрэя Дурэйкі.
А 26 красавіка ў 17:00 пройдзе канцэрт «У дыханні гуку». Падчас фінісажу Надзея Каракулька (беларускія цымбалы) і Павел Беляеў (марымба, вібрафон, перкусія) створаць музычны дыялог у прасторы. Струны, дрэва і метал уступяць ва ўзаемадзеянне і сфарміруюць плаўны гукавы працэс паміж цішынёй, рытмам і рэзанансам — у дыялогу з выставай.