Фото: rs.gov.lv
Беларускія памежнікі пабудавалі агароджу на беларуска-латвійскай мяжы, сфармаваўшы буферную зону для мігрантаў, заявіў кіраўнік Цэнтра кіравання крызісамі Латвіі Арвіс Зіле ў інтэрв’ю латвійскаму абароннаму выданню sargs.lv.
Зіле адзначыў, што беларускі рэжым змяніў тактыку, і цяпер на мяжы з Латвіяй назіраецца «поўнае бяздзеянне» беларускіх памежнікаў.
«Калі памятаеце, гэтых нелегальных мігрантаў затрымлівалі ў тым ліку з радыёстанцыямі Узброеных сіл Беларусі, што якраз і было доказам. Дык вось цяпер з пункту гледжання мяжы — менавіта нашай «зялёнай» мяжы — назіраецца поўнае бяздзеянне з боку памежных сіл Беларусі.
Усё менш і радзей назіраюцца памежнікі менавіта ў гэтым раёне каля мяжы, каля агароджы. Гэта дае магчымасць нелегальным парушальнікам мяжы свабодна дзейнічаць на той тэрыторыі каля агароджы: рабіць што хочуць, ладзіць лагеры, паліць вогнішчы, рыхтавацца да пашкоджання гэтай памежнай агароджы», — заявіў Зіле.
Паводле слоў Зіле, Беларусь пабудавала на сваёй тэрыторыі агароджу, сфармаваўшы своеасаблівую буферную зону паміж сваёй агароджай і агароджай латвійскіх памежнікаў.
«Беларусь стварыла другую агароджу глыбей на сваёй тэрыторыі, якая ахоўваецца, дзе знаходзяцца памежнікі. І цяпер паміж гэтай сапраўднай дзяржаўнай мяжой і другой агароджай утворана свайго роду буферная зона, куды і ўпускаюць гэтых шукальнікаў «салодкага жыцця». У ёй яны могуць рабіць усё што заўгодна, але назад, глыбей на тэрыторыю Беларусі, іх не пускаюць. Іх адзіны шлях — спрабаваць прарвацца ў Еўропу», — расказаў ён.
Кіраўнік Цэнтра кіравання крызісамі звяртае ўвагу, што мігранты маюць пры сабе розныя інструменты для пашкоджання агароджы, напрыклад кусачкі. Гэта паказвае, што іх рыхтуюць загадзя.
«Але так, знаходзячыся непасрэдна на мяжы, складаней збіраць доказы датычнасці беларускіх уладаў, паколькі створана гэтая буферная зона, дзе яны і знаходзяцца. Аднак важны адзін факт: абсалютнае бяздзеянне беларускіх уладаў таксама ацэньваецца як злачынства і падтрымка гэтай нелегальнай міграцыі», — заявіў Зіле.