Для пошуку зніклых у Кыргызстане альпіністаў адкрыты збор

Для пошуку трох зніклых у гарах Кыргызстана альпіністаў адкрыты збор. Беларусы Максім Палянскі і Мікалай Свірыдаў, а таксама грамадзянін Літвы Сяргей Рубцоў не выходзяць на сувязь з 2 жніўня.

43-гадовы Палянскі і 60-гадовы Свірыдаў — вопытныя альпіністы, «снежныя барсы». Мікалай Свірыдаў — кандыдат у майстры спорту па турызме, вадзіў экспедыцыі на Памір. 37-гадовы Рубцоў да гэтага падымаўся з імі на пік Рэвалюцыі — адну з самых цяжкадаступных вяршынь Паміра.

Група здзяйсняла ўзыходжанне на пік Курумды па паўночным грэбні.

20 ліпеня альпіністы прыехалі ў Ош, атрымалі памежныя пропускі і дабраліся да пачатку маршруту. Спадарожнікавы тэлефон не падключыўся, група падтрымлівала сувязь праз кітайскага мабільнага аператара.

27-28 ліпеня альпіністы выходзілі на сувязь і паведамлялі, што ўсё ідзе па плане. 30 ліпеня група паведаміла: «Мы на вышыні 5660. Учора быў цяжкі дзень. Заўтра плануем падняцца на 6000». Адставанне ад графіка на той час складала 1 дзень.

1 жніўня ў 10:30 альпіністы падняліся на пік Курумды. 2 жніўня быў апошні выхад на сувязь. Група паведаміла, што пасля спуску будзе гатовая выехаць 4 жніўня, але ва ўстаноўленае месца так і не выйшла.

Для пошуку групы альпіністаў былі сфарміраваны дзве выратавальныя групы. 8 жніўня з дрона выявілі палатку ў базавым лагеры, але людзей побач не было. Хутчэй за ўсё, палатку пакінулі як склад перад выхадам на ўзыходжанне. З 8 па 11 жніўня ў Кыргызстане абвешчана штармавое папярэджанне, у гарах ідзе снег.

Для дапамогі ў пошуках сябры і сем’і альпіністаў стварылі сайт kurumdy.by.

«Пешы пошук упёрся ў надвор’е і ў вышыню: па ледавіку пры штармавым папярэджанні не прайсці, а схілы вышэй за 5000 метраў з зямлі не агледзець. Далей патрэбны верталёт і людзі, здольныя працаваць на такой вышыні. Гэта аплачваюць сем’і», — гаворыцца на сайце.

Рэквізіты для пераводаў апублікаваны на сайце.

Мікалай Свірыдаў, Максім Палянскі і Сяргей Рубцоў
🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!