Латушка прапанаваў Ірландыі далучыцца да расследавання МКС па Беларусі

Намеснік кіраўніка Аб’яднанага пераходнага кабінета, дэлегат Каардынацыйнай рады Павел Латушка сустрэўся з паслом Ірландыі ў Польшчы Патрыкам Джэрадам. Бакі абмеркавалі сітуацыю з вызваленнем палітычных зняволеных у Беларусі і працяг рэпрэсій з боку рэжыму, паведамілі ў прэс-службе АПК.

Латушка адзначыў важнасць вызвалення журналіста Анджэя Пачобута, аднак падкрэсліў, што рэжым не спыняе рэпрэсіі. У якасці прыкладаў ён прывёў затрыманні і арышты беларускіх жанчын у Наваполацку, Слоніме, Брэсце і іншых гарадах краіны.

Намеснік кіраўніка кабінета падтрымаў намаганні ЗША па вызваленні палітвязняў, адначасова ўказаўшы на неабходнасць спыніць рэпрэсіі і практыку «канвеера», калі адных зняволеных вызваляюць, а іншых затрымліваюць ім на змену.

Латушка звярнуўся да пасла Ірландыі, якая з 1 ліпеня прымае старшынства ў Еўрасаюзе, з просьбай працягнуць ціск на рэжым Лукашэнкі дзеля рэальных, а не касметычных змен у Беларусі, а таксама дамагацца прымусу рэжыму да нацыянальнага дыялогу ў адпаведнасці з высновамі ЕС ад 19 лютага 2024 года.

Акрамя таго, палітык праінфармаваў пасла пра падрыхтоўку да выбараў у Каардынацыйную раду Беларусі, якія пройдуць з 11 па 17 мая, і пра працу дэлегацыі рады ў міжнародных парламенцкіх арганізацыях. Пасол выказаў падтрымку і падкрэсліў важнасць функцыянавання Каардынацыйнай рады як прадстаўнічага выбарнага органа беларусаў.

У ходзе сустрэчы дыпламату былі перададзены просьбы разгледзець магчымасць далучэння Ірландыі да расследавання «беларускай сітуацыі», пачатага 12 сакавіка пракурорам Міжнароднага крымінальнага суда, а таксама даклад Народнага антыкрызіснага ўпраўлення і арганізацыі BELPOL пра мілітарызацыю беларускіх дзяцей.

Пасол адзначыў, што Ірландыя як дзейны член Рады ААН па правах чалавека займае праактыўную пазіцыю па пытанні Беларусі. Ён таксама пацвердзіў, што ў перыяд старшынства ў ЕС прыярытэтамі для Ірландыі стануць абарона правоў чалавека і забеспячэнне адказнасці за здзейсненыя злачынствы.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!