Reform.news

Кучынскі правёў кансультацыі са спецпасланнікамі па Беларусі

Рэдакцыя Reform.news · 7 кастрычніка 2026, 14:35

https://reform.news/be/kuchynski-pravjo-kansultacyi-sa-specpaslannikami-pa-belarusi/

Дырэктар віленскага Офіса Ціханоўскай Дзяніс Кучынскі сустрэўся са спецыяльнымі пасланнікамі і прадстаўнікамі краін Паўночна-Балтыйскай васьмёркі (НБ8). Яны прыбылі ў Вільнюс для кансультацый з беларускімі дэмакратычнымі сіламі і партнёрамі, якія базуюцца ў Літве.

Кучынскі падзякаваў спецыяльным пасланнікам за іх працу і падкрэсліў важнасць гэтага фармату для сістэматычнага ўзаемадзеяння з беларускімі дэмсіламі і каардынацыі міжнароднай падтрымкі Беларусі. Падчас размовы таксама было адзначана прызначэнне новага французскага спецпасланніка.

Прадстаўнікі краін – удзельніц NB8 пацвердзілі сваю падтрымку Беларусі і беларускіх дэмакратычных сіл, а таксама гатоўнасць да працягу сумеснай працы.

Значная частка сустрэчы была прысвечана сітуацыі ўнутры Беларусі, рэпрэсіям і становішчу палітвязняў, а таксама дапамозе тым, хто вызваляецца. Кучынскі падзякаваў Літве за прыём і падтрымку вызваленых палітвязняў і беларусаў, якія знаходзяцца ў краіне.

Сярод іншых пытанняў – транснацыянальныя рэпрэсіі і праблемы, з якімі сутыкаюцца беларусы за межамі краіны, уключаючы легалізацыю і афармленне дакументаў. У гэтым кантэксце ўдзельнікі сустрэчы падкрэслілі неабходнасць каардынацыі дзеянняў паміж краінамі-партнёрамі для абароны беларусаў, якія не могуць бяспечна вярнуцца на радзіму. У цэнтры ўвагі таксама былі пытанні рэгіянальнай бяспекі, роля Беларусі ў кантэксце вайны Расіі супраць Украіны і падтрыманне скаардынаванага падыходу міжнародных партнёраў да Беларусі.

Важнай тэмай сустрэчы стаў Міжнародны гуманітарны фонд. Усе краіны, прадстаўленыя на сустрэчы, ужо далучыліся да працы фонду. Кучынскі падзякаваў кожнай з іх за ўдзел і фінансавую падтрымку. Абмеркаванне таксама было сканцэнтравана на далейшым фінансаванні: для шэрагу краін наступныя ўнёскі стануць другімі, а для некаторых — трэцімі. Кучынскі падкрэсліў важнасць доўгатэрміновай падтрымкі гэтай ініцыятывы.

«Для нас вельмі важна, што краіны працягваюць працаваць з дэмакратычнымі сіламі праз інстытут спецыяльных пасланнікаў. Гэты фармат дазваляе падтрымліваць пастаянны дыялог і каардынаваць супольныя дзеянні. Пакуль у Беларусі працягваюцца рэпрэсіі і за кратамі застаюцца палітвязні, асабліва важна захоўваць адзіную і скаардынаваную пазіцыю і падтрымку беларусаў», – пракаментаваў Дзяніс Кучынскі сустрэчу.

Рэклама

Пакінуць адказ