Скриншот видео
Міністр унутраных спраў і адміністрацыі Польшчы Марцін Кервіньскі ўпэўнены ў вызваленні палітвязня журналіста Анджэя Пачобута. Паводле яго слоў, польскі бок працягвае працаваць у гэтым напрамку і ўрэшце даможацца жаданага.
Нагадаем, учора ў Беларусі было абвешчана пра вызваленне 250 палітвязняў. 15 з іх без дакументаў былі вывезены з краіны ў Літву. Пра вызваленне Анджэя Пачобута не паведамлялася.
“Гэты абмен ажыццяўляецца нашымі амерыканскімі партнёрамі, і мы знаходзімся з імі ў пастаянным кантакце па гэтым пытанні. Гэта ўсё, што мы можам сказаць пра гэты абмен.
Аднак і наша Міністэрства замежных спраў, і спецслужбы працуюць кругласутачна, каб вызваліць Анджэя Пачобута з гэтай беларускай няволі. Але мы выдатна разумеем, што гэта няпростая справа, але кропля камень точыць. Я перакананы, што рана ці позна гэта адбудзецца”, — сказаў ён у эфіры TVPinfo у чацвер увечары.
Палітвязні былі вызвалены падчас візіту ў Мінск спецпасланніка прэзідэнта ЗША Джона Коўла, які заявіў пра чарговае змякчэнне санкцый: з-пад іх будуць выведзены калійныя кампаніі, два банкі і Мінфін.
Кервіньскі ў ходзе інтэрв’ю таксама падкрэсліў, што мяжа з Беларуссю надзейна абаронена. Паводле яго слоў, у гэтым годзе было толькі 100 спроб яе парушэння мігрантамі, і ўсе яны былі спынены.