КР рэкамендавала Мікалая Казлова на пасаду прадстаўніка АПК па аднаўленні законнасці

Каардынацыйная рада большасцю галасоў рэкамендавала Мікалая Казлова на пасаду прадстаўніка Аб’яднанага пераходнага кабінета па аднаўленні законнасці і правапарадку. Рашэнне прынята 12 сакавіка па выніках слуханняў кандыдата на агульным пасяджэнні КР.

У галасаванні прынялі ўдзел 44 дэлегаты пры наяўнасці кворуму: 35 — «за», 6 — «супраць», 3 — «устрымаліся». Супраць прагаласавалі 5 дэлегатаў ад фракцыі «Наступ» і адзін ад «Каманды Латушкі і руху «За Свабоду».

Нагадаем, прапанову аб вылучэнні Мікалая Казлова на пасаду прадстаўніка АПК па аднаўленні правапарадку накіравала ў КР Святлана Ціханоўская. Яна паведаміла, што ў цяперашні час ён прымае ўдзел у распрацоўцы новых законапраектаў, якія датычацца рэформы праваахоўнай сістэмы і сілавых структур.

Мікалай Казлоў — былы афіцэр крымінальнага вышуку, які звольніўся з органаў у 2009 годзе ў знак пратэсту супраць фальсіфікацый на парламенцкіх выбарах. У 2022 годзе быў прыгавораны да 2,5 года пазбаўлення волі і прызнаны палітвязнем. Пасля адбыцця пакарання пакінуў Беларусь з-за пагрозы новага крымінальнага пераследу. З 2018 года ўзначальвае Аб’яднаную грамадзянскую партыю. Лаўрэат прэміі Буша — Тэтчэр «За свабоду» 2023 года.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!