Генпрокуратура. Фото: Reform.by
Былога дырэктара ААТ «Гродзенскі мясакамбінат» абвінавачваюць у атрыманні хабару ў асабліва буйным памеры. Абвінавачанне лічыць, што ён прыняў наяўнымі і крыптавалютай 1,8 млн рублёў.
Згодна з матэрыяламі справы, абвінавачаны з 1 ліпеня 2019 года па 28 мая 2025 года прыняў ад кіраўнікоў пяці суб’ектаў гаспадарання ў якасці хабару крыптавалюту і грашовыя сродкі на агульную суму 1,8 млн рублёў. У схеме была задзейнічаная дачка дырэктара, якая не падазравала пра хабар. Грошы пераводзіліся на яе рахункі і крыптакашалькі.
«Ва ўсіх выпадках хабар атрыманы за арганізацыю закупак мясакамбінатам у канкрэтных прадпрыемстваў комплексных харчовых дабавак і іншых кампанентаў, а таксама працяг іх выкарыстання ў вытворчай дзейнасці, у тым ліку шляхам вызначэння віду і аб’ёму вырабаў, якія выпускаюцца камбінатам з выкарыстаннем такіх дабавак і кампанентаў», — паведамляе Генпракуратура.
Абвінавачаны заключыў з пракурорам дасудовае пагадненне аб супрацоўніцтве і ў поўным аб’ёме выканаў яго ўмовы: аказваў садзейнічанне следству, выплаціў атрыманы злачынным шляхам даход, паведаміў пра іншыя супрацьпраўныя дзеянні.
Крымінальная справа перададзеная ў суд. Абвінавачаны застаецца пад вартай.
Нагадаем, у кастрычніку мінулага года стала вядома, што ў ААТ «Гродзенскі мясакамбінат» прызначаны новы гендырэктар. Праз некалькі дзён пасля гэтага Савет Рэспублікі прыняў пастанову аб датэрміновым спыненні паўнамоцтваў члена СР у дачыненні да былога кіраўніка прадпрыемства Алега Іванова.
Паўнамоцтвы былі спыненыя ў адпаведнасці з пунктам 9 часткі першай артыкула 8 закона «Аб статусе дэпутата Палаты прадстаўнікоў, члена Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь». У гэтым пункце ўказана, што паўнамоцтвы датэрмінова спыняюцца «у сувязі з пісьмовай заявай дэпутата Палаты прадстаўнікоў, члена Савета Рэспублікі аб складанні паўнамоцтваў па асабістых прычынах».