Колькасць загінулых у выніку ўдару па Кіеве ўзрасла да 30

Колькасць загінулых у выніку ўчарашняй расійскай атакі па Кіеве ўзрасла да 30 чалавек, паведамляе Дзяржаўная служба Украіны па надзвычайных сітуацыях. Сёння ва ўкраінскай сталіцы абвешчаны Дзень жалобы.

Паводле інфармацыі мэра горада Віталія Клічко, пошукава-выратавальная аперацыя працягваецца ўжо другія суткі. Судова-медыцынскія эксперты працуюць над ідэнтыфікацыяй фрагментаў цел.

«Стан аднагадовага хлопчыка і пяцігадовай дзяўчынкі, іх бацькоў і бабулі ўрачы стабілізавалі. Пацярпелыя знаходзяцца ў стацыянары, іх стан паляпшаецца. Усяго ў бальніцах знаходзяцца чацвёра пацярпелых дзяцей. 10-гадовы хлопчык, пра якога паведамлялася ўчора, хутчэй за ўсё, застаўся сіратой. Яго бацькі лічацца зніклымі без вестак.

У бальніцы разам з хлопчыкам знаходзіцца дзядуля. Таксама цяпер без вестак знікла 15-гадовая дзяўчынка. На гэты момант у Кіеве ў выніку масіраванай атакі загінулі 30 чалавек. 92 жыхары горада пацярпелі. У стацыянарах бальніц на раніцу знаходзяцца 56 параненых. У прыватнасці, 6 медыцынскіх работнікаў», — паведаміў ён.

Нагадаем, Расія нанесла масіраваны ўдар па ўкраінскай сталіцы 2 ліпеня. Пашкоджаны жылыя дамы, будынак Інстытута біяхіміі імя Паладына, гатэль, падстанцыя хуткай дапамогі, якая будуецца, і АЗС.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!