Кіраўнікоў двух будтрэстаў Віцебшчыны будуць судзіць за хабар

Пракуратура Віцебскай вобласці накіравала ў суд крымінальную справу аб карупцыі ў будаўнічай галіне. Кіраўнікі і заснавальнікі камерцыйнай арганізацыі абвінавачваюцца ў дачы хабару, службовыя асобы двух будаўнічых трэстаў — у атрыманні.

Паводле версіі абвінавачання, гендырэктар і галоўны інжынер аднаго з трэстаў Віцебска ў студзені-ліпені мінулага года прынялі ў якасці хабару матэрыяльныя каштоўнасці і грошы на агульную суму звыш 19 тыс. і 16 тыс. рублёў. Грошы прызначаліся за заключэнне дагавораў субпадраду і разлікі па іх.

Таксама ў верасні 2025 года кіраўнікі камерцыйнай арганізацыі перадалі намесніку гендырэктара будаўнічага трэста Наваполацка 10 тыс. рублёў, а таксама спрабавалі перадаць такую ж суму гендырэктару прадпрыемства. На гэты раз грошы прызначаліся за выбар пастаўшчыка паслуг па прыёме будаўнічых адходаў па выніках адкрытага конкурсу.

Да абвінавачаных ужыты меры стрымання ў выглядзе заключэння пад варту, закладу і падпіскі аб нявыездзе і належных паводзінах.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!