Фото: pixabay.om
КДК выявіў нелегальны дом састарэлых у Гомельскай вобласці. Як растлумачылі ў прэс-службе камітэта, арганізацыя догляду за састарэлымі людзьмі ў стацыянары падлягае ліцэнзаванню, аднак на Гомельшчыне такія паслугі аказваліся без спецыяльнага дазволу.
“Разам з тым асобныя грамадзяне грэбуюць дадзенымі патрабаваннямі і з мэтай асабістага ўзбагачэння арганізуюць нелегальныя «дамы састарэлых» у сябе дома. Падобны факт выяўлены органамі фінансавых расследаванняў у Гомельскай вобласці”, – паведамілі ў КДК.
Паводле інфармацыі камітэта, жыхарка Рэчыцы ў сваім доме на працягу двух гадоў аказвала падобныя паслугі больш чым 10 пажылым людзям.
“Гаспадыня домаўладання не атрымлівала неабходнай ліцэнзіі, якая б пацвердзіла адпаведнасць створаных ёю ўмоў патрабаванням да ўтрымання і якасці аказваемых сацыяльных паслуг.
Аплату жанчына атрымлівала як ад сваякоў «пастаяльцаў», так і шляхам зняцця іх пенсій з карт-рахункаў. Незаконна атрыманы даход склаў звыш 135 тыс. рублёў”, – дадалі ў КДК.
Узбуджана крымінальная справа па артыкуле за ажыццяўленне прадпрымальніцкай дзейнасці без ліцэнзіі.