КДБ спрабаваў завербаваць праваабаронцу Алену Тонкачову. Яе выдварылі з Беларусі

Вядомая ў мінулым праваабаронца Алена Тонкачова была вымушаная пакінуць Беларусь і цяпер знаходзіцца ў Расіі. Пра гэта Reform.news распавяла яе дачка Кацярына Данейка.

Алена Тонкачова каля 10:30 раніцы 29 студзеня выйшла выгульваць сабаку, і яе затрымала група захопу. Затрыманне адбылося каля пад’езда дома ў Мінску.

Да 14:00 праводзіўся вобшук. Сілавікі шукалі “прадметы, дакументы і іншыя абставіны, якія былі б звязаныя з падтрымкай экстрэмісцкай дзейнасці як унутры Беларусі, так і за яе межамі”.

Алена Тонкачова была дапытаная ў якасці “сведкі” ў гарадскім упраўленні КДБ. Допыт доўжыўся прыкладна да 1:30 30 студзеня.

Увесь гэты час праваабаронцу спрабавалі схіліць да супрацоўніцтва.

“То-бок іх цікавілі праваабарончыя групы за мяжой і ўнутры краіны. У першую чаргу. І пытанні таго, якім чынам арганізаваная альбо існуе донарская дапамога. Ад супрацоўніцтва адмовілася”, — распавяла Алена.

Раніцай Алене Тонкачовай паведамілі, што яна будзе дэпартаваная. Справа ў тым, што ў Тонкачовай расійскае грамадзянства, але яна больш за 35 гадоў жыве ў Беларусі.

“На працягу наступнага дня прымалася рашэнне, шукаўся спосаб дэпартацыі. З раніцы мяне ўжо апавясцілі аб тым, што я буду дэпартаваная. З моманту майго затрымання каля пад’езда ўласнага дома 29 чысла я не магла больш вярнуцца дадому. У выніку я на сённяшні дзень знаходжуся ў Расійскай Федэрацыі”, — патлумачыла яна.

Праваабаронца падзякавала ўсім, хто дапамог ёй у гэтыя дні, хто паклапаціўся пра хатніх жывёл, дапамог купіць квіткі.

“І паўтару яшчэ раз, асноўная задача была — падпісанне дакументаў аб супрацоўніцтве і далейшым патэнцыйным даносніцтве на маіх калег і сяброў, якія знаходзяцца за межамі Рэспублікі Беларусь па вядомых прычынах. Ад гэтага ўзаемадзеяння я адмовілася. Мне было сказана, што ўсе далейшыя наступствы — гэта вынік майго рашэння аб адмове ад супрацоўніцтва”, — патлумачыла яна.

Алена Тонкачова папрасіла папярэдзіць яе знаёмых і калег аб тым, што яе тэхніка знаходзіцца ў КДБ, і магчымыя правакацыі.

“Буду ўдзячная за наступнае папярэджанне, якое прашу СМІ апублікаваць у поўным аб’ёме. Усе людзі, якія былі са мной у камунікацыі, у спісе маіх кантактаў (у тэлефоннай запісной кніжцы, ва ўсіх месенджарах), калі ласка, выдаліце мае кантакты. Мой тэлефон і мае два камп’ютары знаходзяцца ў Камітэце дзяржаўнай бяспекі. Любыя кантакты з маіх акаўнтаў, уключаючы электронную пошту, выключыць са сваіх спісаў кантактаў у мэтах бяспекі. Дзякую за разуменне”, — паведаміла Тонкачова.

***

Алена Тонкачова больш за 30 гадоў актыўна займаецца прасоўваннем і абаронай правоў чалавека ў Беларусі. У 1996 годзе яна заснавала “Цэнтр прававой трансфармацыі”. Раней Тонкачову ўжо дэпартавалі з Беларусі — 13 лістапада 2014 года ўлады анулявалі від на жыхарства праваабаронцы і выслалі з краіны. У Беларусь яна змагла вярнуцца толькі ў лютым 2018 года. Да 2026 года яна заставалася ўнутры краіны.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!