Касінец даклаў Лукашэнку пра меры супраць пасярэднікаў

Намеснік старшыні Усебеларускага народнага сходу Аляксандр Касінец даклаў Аляксандру Лукашэнку прапанаваныя меры супраць пасярэднікаў. Раней Касінцу даручалася падрыхтаваць такія прапановы. Ён нават сабраў камісію, якую Лукашэнка нядаўна параўнаў з “другім урадам”.

“Міністэрствы і ведамствы, аблвыканкамы ўнеслі прапановы. Гэтыя прапановы намі сістэматызаваны. Дадаткова да ўжо існуючых у дзяржаве мер прапануецца рэалізаваць тры групы мер”, — сказаў Касінец на сённяшняй нарадзе.

У першую групу, паводле яго слоў, уваходзіць змяненне заканадаўства аб дзяржаўных закупках і закупках за кошт уласных сродкаў у частцы ўніфікацыі і спрашчэння працэдур такіх закупак.

Другая група прадугледжвае цэнтралізацыю закупак тавараў, стварэнне каталога тавараў для мэт ажыццяўлення закупак з абавязковым уключэннем усёй наменклатуры тавараў, а таксама стварэнне рэестра нядобрасумленных пасярэднікаў. Паводле слоў Касінца, гэта ўжо ёсць у краіне, але яшчэ не ў поўным аб’ёме, а каталог тавараў састарэў.

Ён прапанаваў стварыць пры Мінэканомікі Нацыянальны цэнтр закупак. Дадзеная структура будзе весці каталог, ажыццяўляць метадалагічнае суправаджэнне, тлумачыць падыходы да працэсаў закупак, курыраваць адпаведныя электронныя пляцоўкі і г.д.

Трэцяя група — фінансава-эканамічныя меры.

“Найважнейшая з якіх — распрацоўка механізму рэалізацыі тавараў ад вытворцаў арганізацыям, якія маюць пратэрмінаваную запазычанасць. У тым ліку на ўмовах адтэрміноўкі і растэрміноўкі плацяжоў”, — сказаў Касінец.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!