Фото: пресс-служба Лукашенко
Аляксандр Лукашэнка сёння сабраў нараду, каб вырашыць складаную эканамічную праблему: аддзяліць абгрунтаванае пасярэдніцтва ад неабгрунтаванага. Раней ён ужо даручаў заняцца гэтым пытаннем Аляксандру Касінцу. Нядаўна Лукашэнка ўжо крытыкаваў створаную ім камісію, параўноўваючы яе па складзе з “другім урадам”. На нараду сёння таксама вынесены праект указа па цэнтралізацыі закупак асобных тавараў для вёскі.
Адкрываючы мерапрыемства, Лукашэнка заявіў, што ўжо даўно даручаў павысіць канкурэнтаздольнасць эканомікі, эфектыўнае расходаванне грашовых сродкаў і недапушчэнне рознага роду шэрых схем. Было ўзмоцнена заканадаўства аб закупках, за мяжой створаны шматфункцыянальныя цэнтры для продажу беларускай тэхнікі, аднак вырашыць праблемы не ўдалося.
“Мы ў апошні час шмат гаворым пра тое, што не можам канкураваць з кітайцамі, з туркамі. Чаму? Нібыта дарагая прадукцыя, дзесьці па якасці часам недапрацоўваем. А чаму дарагая? Выдаткі вялікія на вытворчасць той ці іншай прадукцыі, гэта значыць сабекошт высокі. Эканамісты, нават самыя слабенькія, разумеюць: выдаткі складаюцца з пэўных артыкулаў. Перш за ўсё, гэта выдаткі на сыравіну, матэрыялы, гэта выдаткі на электраэнергію і гэтак далей і таму падобнае, зарплата.
Як вы думаеце: ці вырастуць выдаткі, калі на пастаўку сыравіны, абсталявання і іншага мы пераплачваем у два-тры разы за кошт пасярэднікаў і іншых вашых сяброў? Гэта прамы рост выдаткаў? Пасярэднік павялічвае нашу цану, забірае сабе ў кішэню 25-30%”, — сказаў ён.
Ён спаслаўся на дадзеныя сілавікоў, якія выяўляюць злоўжыванні, звязаныя з пасярэдніцтвам. У мінулым годзе было выяўлена больш за 400 злачынстваў, звязаных з закупкамі. Больш за палову з іх — гэта атрыманне хабару.
“Таму я даручыў намесніку старшыні УНС Аляксандру Мікалаевічу Касінцу дэталёва разабрацца ў сітуацыі.
Трэба правесці выразную мяжу, якая аддзяляе абгрунтаванае пасярэдніцтва ад неабгрунтаванага. У дзяржаве ніхто не супраць разумнага пасярэдніка там, дзе гэта аб’ектыўна трэба. Але гэта застанецца ў нас невялікая колькасць напрамкаў, якія будуць пад кантролем ці то губернатараў, ці то міністраў і прэм’ер-міністраў. Але ёсць такія, хто ў складанай сітуацыі думае толькі пра ўласнае ўзбагачэнне”, — сказаў ён, перадае яго прэс-служба.
Лукашэнка ўзгадаў, што даводзіцца працаваць ва ўмовах санкцый, абмежаванняў на экспарт прадукцыі, імпарт сыравіны, куплю абсталявання, правядзенне разлікаў за пастаўленыя тавары.
“У такіх умовах даводзіцца шукаць нестандартныя варыянты паставак і аплат. Пад санкцыйным ціскам цалкам адмовіцца ад паслуг пасярэднікаў, на жаль, не можам, гэта аб’ектыўныя прычыны”, — сказаў ён.
Нягледзячы на складанасць пытання, ён упэўнены, што выпрацаваць дзейсныя меры магчыма.
“Выпрацаваць дзейсныя меры па абмежаванні нядобрасумленных дылераў мы можам цалкам”, — сказаў ён.
Лукашэнка вырашыў праілюстраваць сітуацыю на прыкладзе карданнага вала. Паводле яго слоў, у ланцужок часта ўключаюцца 3-5 пасярэднікаў, частка з якіх з’яўляюцца фіктыўнымі, у тым ліку прыцягваюцца замежныя суб’екты, каб абысці гранічныя надбаўкі да цэны, устаноўленыя ў краіне.
“У выніку ўсе нацэнкі, якія асядаюць у кішэнях такіх дылераў, даводзіцца аплачваць звычайным спажыўцам. Гэта абуральна, і прыкладаў больш чым дастаткова”, — сказаў Лукашэнка, згадаўшы, што карданны вал коштам 140 рублёў праз пасярэднікаў быў прададзены за 935 рублёў, у выніку цана вырасла ў 6,5 раза.
“Пры відавочным захаванні заканадаўства аб закупках (пастаўшчыкі выбіраюцца па конкурсах) у прамысловасці, ахове здароўя, адукацыі, жыллёва-камунальнай сферы, IT-паслугах для дзяржаўнага сектара абсталяванне набываецца з дзікімі пераплатамі. І, як правіла, усюды фігуруе хабар”, — сказаў ён, адзначыўшы, што ў 2023-2025 гадах выдаткі РУП “Нацыянальны цэнтр электронных паслуг” і ТАА “Беларускія воблачныя тэхналогіі” на аплату пасярэдніцкіх надбавак, якія дасягалі 200%, склалі каля 10 млн рублёў.
Не абышлося без пагроз.
“Трэба, каб кожны бізнесмен ведаў (і не толькі бізнесмен): з тымі, хто вырашыць нажыццца на злачынных махінацыях, размова будзе кароткая (і вы ведаеце, з кім)”, — папярэдзіў Лукашэнка.
На яго думку, ланцужкі непатрэбных пасярэднікаў вядуць да карупцыі і вымывання сродкаў.
“Хаця гэтыя грошы ў ідэале павінны працаваць у эканоміцы і ісці на развіццё краіны, на тое, каб людзі жылі лепш. Таму зялёнае святло і садзейнічанне толькі тым, хто працуе на карысць і стварае нешта сваімі рукамі”, — канстатаваў ён.
Што датычыцца праекта ўказа, то ён, як звычайна, быў падвергнуты крытыцы.
“Што значыць асобных? Я рытарычнае пытанне задаю. Усе тавары, якія мы для вёскі купляем, павінны ўвайсці ў гэты ўказ”, — сказаў ён.
Лукашэнка таксама пацікавіўся, на каго будзе распаўсюджвацца ўказ: на сельгасарганізацыі, фермераў.
“Адказваю на гэтае пытанне — гэта павінна датычыцца ўсіх. Сістэма павінна быць для ўсіх. У нас прыватная і дзяржаўная форма ўласнасці, але гэта нашы, дзяржаўныя прадпрыемствы, якія павінны працаваць у інтарэсах дзяржавы”, — сказаў ён.
Ён таксама спытаў, ці дазволіць прапанаваны механізм раз і назаўсёды ўпарадкаваць цэны на закупкі для вёскі. Пры гэтым Лукашэнка хоча, каб сельгасарганізацыі не былі закладнікамі доўгіх працэдур.
“Усё павінна быць проста. У рэшце рэшт, адказнасць будзе на кіраўніках прадпрыемстваў і губернатары, калі гаварыць пра сельскую гаспадарку, і, натуральна, яго намесніку — старшыні райвыканкама. Вы ж разумееце, што пры любых новаўвядзеннях павінна быць забяспечана бесперабойнасць вытворчых працэсаў. Асабліва ў гарачы перыяд пасяўной або жніва”, — сказаў ён.
Нарэшце, Лукашэнка асцерагаецца стварэння пасярэднікаў-манапалістаў.
“Не створым. Потым гэтымі манапалістамі і іншымі будзе кіраваць канкрэтная асоба — губернатар або міністр. Калі ён будзе бачыць, што там завоблачныя цэны, ён адрэгулюе гэтае пытанне”, — канстатаваў ён.
Паводле яго слоў, пытанне ўжо абмяркоўвалася з міністрам сельскай гаспадаркі і харчавання Юрыем Горлавым. На вёсцы пасярэднікі павінны быць ліквідаваны як клас. Пры гэтым гаспадаркі краіны павінны быць своечасова забяспечаны ўсім неабходным: угнаеннямі, насеннем, сродкамі абароны раслін, рэгулятарамі росту і запаснымі часткамі для сельгас тэхнікі “па справядлівых цэнах”.
“У Беларусі “Гомсельмаш” вырабіў камбайн, і праз пасярэднікаў сяляне закупляюць гэты камбайн. Гэта нармальна? І абгрунтоўваюць жа прыгожа”, — абурыўся Лукашэнка.
Лукашэнка дадаў, спаслаўшыся на КДК, што грошы для рэалізацыі пасярэдніцкіх схем бяруцца ў беларускіх банках.
“Дык а чаму мы не можам узяць? Чаму Горлаў і губернатары са сваімі сялянамі не могуць узяць гэтыя грошы і купіць камбайн на “Гомсельмашы”?”, — сказаў ён.
Тут жа ён даў даручэнне генпракурору Дзмітрыю Гары.
“Як толькі мы ўбачым пасярэднікаў на беларускую прадукцыю, ты не разбірайся. Як толькі ўбачылі, што ў нас пасярэднікі на цукеркі, шакалад, адзенне, малако, мяса, тэхніку беларускай вытворчасці, — адразу ў СІЗА”, — сказаў ён.