Прадстаўніца пратакола Венецыянскага кінафестывалю Джуліяна Б’янкі, аператар Войцех Вэнглаж, рэжысёр Андрэй Куціла і мастацкі кіраўнік фестывалю Альберта Барбера з паштовымі канвертамі для беларускіх палітвязняў. Фота: Courtesy Archivio Storico La Biennale di Venezia.
На адной з галоўных кінапляцовак свету прагучалі галасы тых, каго беларускі рэжым імкнецца прымусіць да маўчання. 9 і 10 верасня на 83-м Венецыянскім міжнародным кінафестывалі з поспехам прайшлі паказы дакументальнай стужкі Андрэя Куцілы «Лісты» (Listy / Letters from the Silenced Country), створанай у міжнароднай кааперацыі Польшчы, Літвы і Германіі.
Гэта першая дакументальная карціна незалежнага беларускага рэжысёра, паказаная ў афіцыйнай праграме Венецыянскага кінафестывалю.
Прэм’ерныя паказы адзначыліся не толькі кінематаграфічным рэзанансам, але і акцыяй салідарнасці. Перад пачаткам афіцыйнай прэм’еры Андрэй Куціла асабіста перадаў мастацкаму кіраўніку Венецыянскага кінафестывалю Альберта Барберы (Alberto Barbera) паштовыя канверты для лістоў беларускім палітзняволеным, заклікаўшы яго і фестывальную супольнасць пісаць лісты за краты.
Пасля заканчэння сеансу стваральнікі фільма таксама падзяліліся гэтымі канвертамі з гледачамі ў зале, даўшы фестывальнай публіцы магчымасць наўпрост далучыцца да падтрымкі беларусаў у няволі.
«На адной з галоўных кінапляцовак свету мы змаглі даць голас тым, каго беларускі рэжым імкнецца прымусіць да маўчання», — адзначае каманда стужкі.
Нагадаем, што праца над стварэннем 75-хвіліннай дакументальнай стужкі працягвалася пяць гадоў і была звязана з вялікімі абмежаваннямі, звязанымі з бяспекай герояў і часткі кінематаграфістаў. У інтэрв’ю для Венецыянскага фестывалю Андрэй Куціла падкрэсліў, што дасягнуць выніку ўдалося дзякуючы высілкам каманды:
«Мы выдаткавалі шмат гадоў, каб знайсці патрэбны спосаб сплесці ўсе ніці і пабудаваць гэтую гісторыю. Для мяне гэта быў найбольш важны і адначасова найбольш складаны праект. Такога выніку і чагосьці незвычайнага мы змаглі дасягнуць толькі дзякуючы нашай творчай камандзе — над стварэннем фільма працавала велізарная колькасць людзей: ад аніматараў і мантажораў да мастацкіх кіраўнікоў. Гэта сапраўднае супольнае дасягненне».
Стужка будуецца на асабістых гісторыях рэпрэсаваных людзей і выкарыстоўвае аўтарскі мантажны прыём «кінакалайдар» (Cinema collider), у якім сутыкаюцца назіральная здымка, хатнія архівы, сведчанні і анімацыя польскай мастацкі Наталлі Спыхалы, створаная на аснове рэальных малюнкаў і эскізаў з турэмных камер.
Ацэнку візуальнай мове кіно ўжо дала міжнародная кінакрытыка. У першай рэцэнзіі на фільм брытанскае выданне Little White Lies адзначае:
«Каб надаць форму таму, што немагчыма пабачыць ці сказаць наўпрост, Куціла выкарыстоўвае багаты мультымедыйны арсенал, надзяляючы кожную гісторыю адмысловым візуальным рэгістрам. Гэта фармальна вынаходлівая і маральна бязлітасная справаздача пра жыццё пад адным з найбольш жорсткіх рэжымаў свету, дзе найбольш ашаламляльнае дасягненне — прымусіць нас сутыкнуцца з тым, як лёгка свет забывае тых, хто паўстаў супроць тыраніі».
Аўтарка рэцэнзіі піша пра кіно як пра «ашаламляльны, аглушальны і адначасова жыццёва важны партрэт сучаснага стану Беларусі».
Аператарамі на карціне працавалі Войцех Вэнглаж (Wojciech Węglarz) разам з беларускім калегам, які з меркаванняў бяспекі пажадаў застацца ананімным.
Заўважым, што міжнародную вытворчасць забяспечылі прадзюсары Міраслаў Дэмбіньскі (DocEdu Foundation), Гедрэ Жыцкіце (Moonmakers), Грэгар Штрайбер і Фрыдэман Готэнбахер (inselfilm produktion) пры падтрымцы Польскага інстытута кінамастацтва і Літоўскага кінацэнтра. Партнёрамі вытворчасці і будучымі дыстрыб’ютарамі фільма для тэлебачання і стрымінгавых платформ выступаюць еўрапейскія вяшчальнікі ARTE, DW, ZDF і TVP.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram