Фото: facebook.com/National.Endowment.for.Democracy
Старшыні праваабарончага цэнтра «Вясна», лаўрэату Нобелеўскай прэміі міру Алесю Бяляцкаму 10 верасня ў Вашынгтоне ўручылі медаль за служэнне дэмакратыі. Узнагароду прысудзіў Нацыянальны фонд у падтрымку дэмакратыі (NED) за шматгадовую працу ў сферы правоў чалавека, свабоды і дэмакратыі ў Беларусі, піша «Вясна».
У NED адзначылі ўклад Бяляцкага ў абарону дэмакратыі, а таксама тое, што ён перажыў зняволенне і пераслед за супраціў аўтарытарызму, дакументаванне парушэнняў правоў чалавека і абарону людзей.
«Яшчэ дзевяць месяцаў таму я сядзеў у турме ў жорсткіх умовах і не мог сабе ўявіць, што калі-небудзь выйду на волю… Ніводнай хвіліны пасля вызвалення я не забываю, што ў лукашэнкаўскіх турмах знаходзяцца яшчэ больш за 900 зняволеных», — сказаў Бяляцкі.
“Для мяне гонар быць узнагароджаным медалём за служэнне дэмакратыі разам з выбітнымі людзьмі, якія змагаліся за свабоду і супраць таталітарызму, такімі як Вацлаў Гавел і Освальда Пая… Два гады таму вы адзначылі гэтым медалём беларускую дэмакратычную лідарку Святлану Ціханоўскую, а цяпер тут я — гэта прызнанне свабодалюбівага імкнення беларускага народа, які хоча жыць у незалежнай і дэмакратычнай краіне …” — дадаў ён.
Узнагароджанне прайшло на фоне новага крымінальнага пераследу Бяляцкага ў Беларусі. 5 жніўня яго абвясцілі ў вышук, а картка праваабаронцы з’явілася ў базе МУС. У якасці падставы ўказана крымінальная справа, без удакладнення артыкула КК. Паводле яго слоў, непасрэднай пагрозы яго асабістай бяспецы цяпер няма, аднак яму даводзіцца больш уважліва выбіраць краіны для паездак і пазбягаць дзяржаў, якія могуць выдаць яго беларускім уладам.
Бяляцкі заявіў, што не мае намеру спыняць праваабарончую дзейнасць.
“Гэты рэжым павінен панесці юрыдычную адказнасць і за ўдзел у расійскай вайне супраць Украіны, і за катастрофу з правамі чалавека ў Беларусі. Ён выкараняе беларускую мову і ідэнтычнасць, ён давёў Беларусь да поўнай залежнасці ад пуцінскай Расіі, стаўшы ў яе руках гібрыднай зброяй супраць Украіны і Еўропы”, – падкрэсліў праваабаронца.
У сваім выступленні ён таксама заклікаў дэмакратычныя краіны захоўваць адзінства і не ісці на збліжэнне з дыктатурамі.
“Дзякуючы санкцыям і амерыканскай дыпламатыі ўлады ў Мінску былі вымушаныя выпусціць з турмаў некалькі сотняў палітычных зняволеных. Праўда, на іх месца ўжо набралі новых палітвязняў. Гэтыя рэпрэсіі павінны скончыцца назаўсёды і для ўсіх”, — нагадаў ён.
Сёлета разам з Бяляцкім узнагароды атрымалі антываеннае аб’яднанне духавенства Friede Allen – Peace Upon All, журналісты эфіопскага выдання Addis Standard, арганізатары дэмакратычнага руху «Вясновая рэвалюцыя» ў М’янме, кубінскія актывісты і Сірыйскі цэнтр па пытаннях медыя і свабоды выказвання меркаванняў.
Медаль за служэнне дэмакратыі NED уручае з 1999 года людзям, якія ўнеслі значны асабісты ўклад у развіццё свабоды, правоў чалавека і дэмакратыі. Сярод яе папярэдніх атрымальнікаў – былы прэзідэнт Чэхіі Вацлаў Гавел, польскі палітык і лідар «Салідарнасці» Лех Валенса і Далай-лама.