«Медыязона»: Яну Пінчук адправілі ў ШІЗА пасля візіту супрацоўніка ГУБАЗіК Артура Гайко

Палітзняволеную Яну Пінчук у пачатку верасня адправілі на 15 сутак у штрафны ізалятар (ШІЗА) у Гомельскай жаночай калоніі пасля размовы з супрацоўнікам ГУБАЗіК. Пра гэта піша «Медыязона» са спасылкай на крыніцу.

Паводле інфармацыі рэсурсу, у канцы жніўня ў калонію прыязджаў начальнік аддзела ГУБАЗіК Артур Гайко і выклікаў на размовы некаторых палітвязняў. Сярод іх была Пінчук. Прыкладна праз тыдзень пасля размовы на яе пачалі складаць рапарты. У выніку Пінчук пазбавілі спаткання, а 1 верасня прызначылі 15 сутак у ШІЗА. Крыніца сцвярджае, што ініцыятыву з рапартамі праяўляў ГУБАЗіК.

«Калонія сама не ініцыявала б гэтыя рапарты, гэта робіць ГУБАЗіК. 1 верасня ёй далі 15 сутак ШІЗА, а ў Яны астма. І ў нейкі момант яе не было ў калоніі. Ёсць верагоднасць, што яна была ў бальніцы», — расказала крыніца.

У жніўні «Медыязона» паведамляла, што фатаграфію Пінчук невядомыя выкарыстоўвалі ў праграме для знаёмстваў Globi.

У чэрвені 2023 года Пінчук прыгаварылі да 12 гадоў калоніі агульнага рэжыму. Яе прызналі вінаватай па артыкулах аб удзеле ў «экстрэмісцкім фарміраванні», дзеяннях супраць нацыянальнай бяспекі, распальванні варожасці, масавых беспарадках і стварэнні «тэрарыстычнай арганізацыі» або ўдзеле ў ёй.

Артур Гайко звязаны са скандалам вакол праекта «Чорная кніга Беларусі». Як раней высветлілася, з кастрычніка 2020 года па ліпень 2021-га ён пад прыкрыццём працаваў унутры праекта каля дзевяці месяцаў.

Артур Сяргеевіч Гайко. Фота: vitebsk.gov.by
🔥 Падтрымайце Reform.news донатам!