Кантрабандыст, які прыехаў па метэазонд, на аўтамабілі закрануў паліцэйскага ў Вільнюсе

У Вільнюсе ў аўторак увечары адбыўся інцыдэнт з удзелам кантрабандыста, які прыехаў забіраць метэазонд з цыгарэтамі, што прызямліўся ў горадзе. Пра гэта паведамляе LRT.

Каля 20-й гадзіны паліцыя атрымала паведамленне, што на вуліцы Карэйвю, побач з ракой, прызямліўся паветраны шар. Каля 21-й гадзіны да метэазонду пад’ехаў аўтамабіль Mercedes Benz ML350 4MATIC. З яго выйшаў мужчына, аднак, заўважыўшы паліцыю, паспрабаваў схавацца. Калі ён з’язджаў з месца здарэння, то закрануў супрацоўніка паліцыі. Медыцынская дапамога паліцэйскаму не спатрэбілася.

На месцы здарэння было выяўлена і канфіскавана 1500 пачак цыгарэт NZ Gold з беларускімі акцызнымі маркамі.

Нагадаем, учора была парушаная работа аэрапорта Вільнюса. Паветраны рух абмяжоўваўся з-за метэазондаў кантрабандыстаў. Была затрымана частка рэйсаў, некалькі самалётаў накіравалі ў Рыгу і Каўнас. Змены закранулі каля 700 пасажыраў. Наступствы абмежавання палётаў могуць назірацца і сёння, магчымыя затрымкі рэйсаў.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!