Аэропорт Вильнюса. Фото: vilnius-airport.lt
27 студзеня аэрапорт Вільнюса спыніў працу з-за аб’ектаў, што ляцелі з боку Беларусі і нагадвалі метэазонды. Праца аэрапорта была абмежавана з 19:05 да 20:05 па мясцовым часе (20:05 – 21:05 па мінскім).
«У сувязі з ажыццяўляемай Беларуссю гібрыднай атакай супраць Літвы, грамадзянскай авіяцыі і грамадства, а таксама з фіксацыяй у небяспечных для авіяцыі зонах навігацыйных адзнак, характэрных для паветраных шароў, 27 студзеня былі ўведзеныя абмежаванні паветранай прасторы над Віленскім аэрапортам з 19:05 да 20:05», — гаворыцца ў паведамленні аэрапорта.
У лістападзе і снежні 2025 года Віленскі аэрапорт некалькі разоў закрываўся з-за метэазондаў, якія ляцелі з Беларусі. Літва закрывала мяжу з Беларуссю, патрабуючы ад Мінска вырашыць праблему. Гэта прывяло да таго, што Беларусь адмовілася выпускаць з краіны літоўскія фуры нават пасля адкрыцця мяжы. У студзені Літва заявіла аб паляпшэнні сітуацыі з метэазондамі. Паводле слоў прэм’ер-міністра, пытанне ўдалося вырашыць дзякуючы намаганням ЗША.