Кандратовіч: Беларусь не супрацоўнічае з Літвой па пытанні кантрабанды

Беларусь не супрацоўнічае з Літвой па пытанні спынення запуску метэазондаў, заявіў міністр унутраных спраў Літвы Уладзіслаў Кандратовіч.

«У нас няма ніякага кантакту з беларускім бокам, і мы не атрымліваем ад іх ніякай інфармацыі, хоць неаднаразова накіроўвалі сігналы пра тое, што з пэўных кропак запускаюцца шары — прыміце меры», — сказаў ён 29 студзеня.

Кандратовіч адзначыў, што да гэтага часу ўсе затрыманыя па справах аб кантрабандзе з выкарыстаннем метэазондаў былі грамадзянамі Літвы.

Паводле слоў кіраўніка літоўскага МУС, у краіне рыхтуюцца ўзмацніць заканадаўства для вырашэння праблемы кантрабанды. Зараз рыхтуюцца новыя папраўкі.

Нагадаем, у ноч з аўторка на сераду быў зафіксаваны самы масавы налёт метэазондаў у Літву з пачатку гэтага года — з Беларусі заляцелі 42 паветраныя шары. З-за гэтага прыпынялася праца аэрапорта ў Вільні. Да раніцы былі знойдзеныя восем метэазондаў.

У Літве не выключылі магчымасць абмежаваць перасячэнне мяжы пры паўторных інцыдэнтах з метэазондамі. Прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа заявіў, што апошні выпадак залёту паветраных шароў быў жорстка ацэнены амерыканскімі партнёрамі Літвы.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!