Ціханоўская і прадстаўнікі АПК усклалі кветкі да помніка Шаўчэнку ў Варшаве

Кіраўніца Аб’яднанага пераходнага кабінета Святлана Ціханоўская, яе намеснік Павел Латушка, прадстаўнік па нацыянальным адраджэнні Павел Баркоўскі, прадстаўніца па маладзёжнай палітыцы і студэнцтве Маргарыта Ворыхава, кіраўнік апарата АПК Валерый Мацкевіч усклалі кветкі да помніка Тарасу Шаўчэнку ў Варшаве ў гадавіну пачатку поўнамаштабнай агрэсіі Расіі супраць Украіны, паведамляе прэс-служба АПК.

Ціханоўская падзякавала ўкраінцам і адзначыла, што яны абараняюць не толькі сваю краіну, але і ўсю Еўропу.

«Сваёй самаадданасцю і адданасцю сваёй краіне яны паказваюць прыклад дэмакратычным дзяржавам, наколькі важна захоўваць незалежнасць і супрацьстаяць расійскай агрэсіі. Яны, нарэшце, паказалі ўсяму свету, што такое “рускі свет”», — заявіла Ціханоўская.

Кіраўніца АПК падзякавала байцам палка Каліноўскага, беларускім валанцёрам і беларускай дыяспары ва Украіне.

«І я хацела б звярнуцца да беларусаў, якія ўсе гэтыя чатыры гады стаяць на баку Украіны. Гэта нашы воіны з палка Каліноўскага і іншых падраздзяленняў. Гэта нашы беларускія валанцёры, якія дапамагаюць мірным жыхарам, якія стварылі Пункт нязломнасці ў Кіеве. Яны сапраўдныя паслы Беларусі ва Украіне цяпер. Вядома, я хачу падзякаваць усёй беларускай дыяспары, якая ўсе гэтыя чатыры гады дапамагае і ўкраінскай арміі, і нашым воінам ва Украіне», — сказала Ціханоўская.

Ціханоўская падкрэсліла, што беларусы і ўкраінцы бачаць сваю будучыню ў Еўропе.

«Мы, беларусы і ўкраінцы, бачым нашу будучыню разам у Еўропе. Я вельмі ўдзячная прэзідэнту Зяленскаму за тое, што ён таксама бачыць гэтую будучыню. Як ён казаў: “Усходняя мяжа Еўропы праходзіць па ўсходняй мяжы Беларусі”», — заявіла Ціханоўская.

Фота: Офіс Ціханоўскай
🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!