БРЦ знайшоў меркаванага сына Віктара Шэймана. Яго маці зрабіла імклівую кар’еру за 3 гады

За тры гады Алена Саўчанка, сакратарка без вышэйшай адукацыі з маленькім дзіцем на руках, стала саўладальніцай стратэгічнага бізнесу і пачала назапашваць дарагую нерухомасць. Імклівы кар’ерны рост можа тлумачыцца сувязямі з Віктарам Шэйманам. Расследаванне падрыхтавана Беларускім расследавальніцкім цэнтрам сумесна з «Рабочым Рухам» пры падтрымцы «Кіберпартызан» і супольнасці ўкраінскіх хакераў KibOrg.

У 2005 годзе 26-гадовая бабруйчанка Алена Саўчанка прыйшла працаваць на прыватны Міжрэгіянальны драбільна-сартавальны завод (МДСЗ). Завод, заснаваны ў 2004 годзе бізнесменам Мікалаем Круком і яго кампаньёнам, працаваў побач з дзяржпрадпрыемствам «Граніт» — адным з найбуйнейшых у Еўропе вытворцаў шчэбеню.

Да МДСЗ Саўчанка працавала толькі сакратаркай у прыватнай кампаніі па продажы медыцынскага абсталявання. Праз дзевяць месяцаў пасля працаўладкавання яна стала ўласніцай 40% завода.

БРЦ знайшоў дакументы, і факты сведчаць, што ў гэты перыяд яна была цесна звязаная з найбліжэйшым паплечнікам Аляксандра Лукашэнкі Віктарам Шэйманам.

У дзяржаўных базах ёсць запіс пра сына Саўчанкі — Уладзіміра, які нарадзіўся ў 2002 годзе. Бацькам дзіцяці пазначаны Віктар Уладзіміравіч Саўчанка, але такога чалавека не існуе — даныя бацькі не прывязаныя ні да аднаго сапраўднага пашпарта.

Расследавальнікі звяртаюць увагу, што такім чынам афармляюцца дакументы дзяцей высокапастаўленых чыноўнікаў. Імя і імя па бацьку сапраўдныя, а для прозвішча выкарыстоўваецца прозвішча маці. У выпадку з Саўчанкай імя і імя па бацьку бацькі супадаюць з данымі Віктара Шэймана.

БРЦ знайшоў іншыя сувязі паміж Шэйманам, Саўчанкай і яе сынам. У 2009 годзе сямігадовы Уладзімір і яго бабуля Зоя Саўчанка ляцелі прыватным самалётам з Мінска ў Сімферопаль і назад разам з Віктарам Шэйманам і яго даверанай асобай Аляксандрам Раманоўскім. Акрамя іх на борце быў толькі экіпаж. У 2009 і 2012 гадах Алена з сынам і Шэйман ляталі ў ААЭ. У 2021 годзе на імя Шэймана, Уладзіміра Саўчанкі і Міхаіла Пушкарова (іншага меркаванага сына Шэймана) забраніраваныя білеты на Кубу. Бронь на Уладзіміра пазней адмянілі.

У 2022 годзе Уладзімір Саўчанка разам з Віктарам Шэйманам, Ганнай і Міхаілам Пушкаровымі здаваў тэсты на COVID-19 у Рэспубліканскім клінічным медыцынскім цэнтры, які называюць «прэзідэнцкай клінікай». У тым жа годзе Уладзімір паехаў у Абхазію ў адным аўтамабілі з Алегам Сакаловым, супрацоўнікам звязанай з Шэйманам кампаніі «ГардСервис».

«Самі па сабе ні запіс у пашпартнай базе, ні сумесныя пералёты, ні наведванне клінікі не даказваюць, што Віктар Шэйман з’яўляецца бацькам Уладзіміра Саўчанкі. Аднак разам гэтыя факты сведчаць пра іх працяглыя і блізкія сувязі. На іх фоне імклівае ўзбагачэнне Алены Саўчанкі ўжо не выглядае выпадковым», — адзначае БРЦ.

Праз два гады пасля прыходу на МДСЗ Алена Саўчанка выйшла з гэтага бізнесу. У той жа час яна атрымала долю ў «Паўднёвай прамысловай энергетычнай кампаніі» і ўладкавалася на працу ў фірму «Гиперком», а ў 2007 годзе стала яе саўладальніцай і атрымала долю яшчэ ў адной кампаніі групы — «Гиперком-проект». Саўчанка таксама стала ўласніцай двух камерцыйных памяшканняў у бізнес-цэнтры «Немига Сити».

У 2008 годзе Саўчанкай зацікавіліся ў МУС. Былі распачатыя дзве крымінальныя справы. Першая датычылася выкарыстання, паводле следства, падробленага дыплома пры працаўладкаванні ў МДСЗ і «Гиперком». Другая — выдзялення без аўкцыёну чатырох зямельных участкаў у вёсцы Тарасава пад Мінскам Саўчанцы і кіраўніку гандлёвага дома «Ждановічы». Старшыня Ждановіцкага сельсавета быў прызнаны вінаватым у незаконным афармленні ўчасткаў.

Расследаваннем кіраваў начальнік аддзела па барацьбе з карупцыяй МУС Вячаслаў Дудкін. Пасля ад’езду з Беларусі ён расказаў журналістам, што Саўчанка спрабавала растлумачыць свае велізарныя даходы беспрацэнтнымі пазыкамі і буйнымі падарункамі ад замежнікаў. Сумы «падарункаў» складалі не менш за 50 тысяч у месяц. Паводле слоў Дудкіна, праверку даходаў спынілі пасля ўмяшання Віктара Шэймана і «недвухсэнсоўнай каманды» Лукашэнкі. Справу аб падробленым дыпломе закрылі, а зямельныя ўчасткі засталіся ва ўласнасці Саўчанкі.

У 2006 годзе Саўчанка валодала домам і зямельным участкам у Раўбічах і двума сумежнымі ўчасткамі ў Тарасаве.

Да сакавіка 2012 года Саўчанка выйшла са складу ўдзельнікаў усіх мінскіх кампаній. У тым жа годзе адбылася яе апошняя пацверджаная сумесная паездка з Віктарам Шэйманам у ААЭ.

У 2013 годзе Саўчанка атрымала ў падарунак ад невядомай асобы два аднатыпныя катэджы плошчай каля 450 кв. м кожны ў Вялікай Сляпянцы каля Нацыянальнай бібліятэкі. Адзін з гэтых дамоў на момант публікацыі выстаўлены на продаж за 640 тысяч долараў.

У 2015-2016 гадах Саўчанка купіла яшчэ два гандлёвыя памяшканні ў розных раёнах Мінска. У 2019 годзе яна стала адзінай уласніцай кампаніі «Куверадев», якой належыць гандлёвы цэнтр на вуліцы Адзінцова ў Мінску. Яшчэ адзін буйны жылы комплекс, у якім Саўчанка жыве цяпер, знаходзіцца ў вёсцы Шчомысліца пад Мінскам.

Сын Саўчанкі Уладзімір у 2017-2021 гадах вучыўся ў швейцарскім Institut auf dem Rosenberg — самай дарагой прыватнай школе свету. У 2025-м адзін год навучання каштаваў 215 тысяч долараў. У 2022 годзе Уладзімір Саўчанка знаходзіўся ў Абхазіі, калі там жа знаходзіўся Віктар Шэйман. Паездка адбывалася ў перыяд, калі звязаныя з атачэннем Шэймана структуры займаліся праектамі на чарнаморскім узбярэжжы Абхазіі.

Журналісты спрабавалі звязацца з Аленай Саўчанкай па тэлефоне. Па адным нумары жанчына пацвердзіла, што менавіта яна размаўляе з журналістам, але затым заявіла, што журналіст памыліўся нумарам, і спыніла размову. Па другім нумары яна адмаўлялася пацвердзіць сваю асобу. Іншыя фігуранты расследавання не адказалі на тэлефонныя званкі або адмовіліся ад каментароў.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!