Фото: pixabay.com
Эксперты ААН выказваюць занепакоенасць у сувязі з прызнаннем несапраўднымі пашпартоў васьмі былых палітвязняў. Такая мера можа ўяўляць сабой форму транснацыянальных рэпрэсій, лічаць яны.
«Чарада падзей, такіх як палітычна матываванае пазбаўленне волі, прымусовае выдварэнне і наступнае ануляванне пашпартоў, сведчыць пра эскалацыю практыкі транснацыянальных рэпрэсій», — гаворыцца ў заяве.
Эксперты падкрэсліваюць, што ніхто з былых палітвязняў не атрымаў афіцыйнага паведамлення пра ануляванне пашпарта.
«Адвольнае ануляванне дакументаў, якія сведчаць асобу, можа сур’ёзна закрануць правы чалавека на свабоду перамяшчэння, сямейнае жыццё, прававы статус, а таксама доступ да працаўладкавання, медыцынскага абслугоўвання, банкаўскіх паслуг і іншых асноўных правоў», — заяўляюць эксперты.
У заяве таксама выказваецца занепакоенасць у сувязі з сітуацыяй праваабаронцы Леаніда Судаленкі. Пасля вызвалення з калоніі ён з’ехаў з Беларусі праз пераслед і пазней быў завочна асуджаны. Цяпер ён з’яўляецца фігурантам яшчэ трох крымінальных спраў у сувязі з яго праваабарончай дзейнасцю і публічным выказваннем меркаванняў.
«Беларусь павінна неадкладна спыніць выкарыстанне свайго расплывістага і празмерна шырокага заканадаўства аб супрацьдзеянні экстрэмізму з мэтай пакарання за законнае ажыццяўленне абароненых правоў», — падкрэсліваюць эксперты.
«Працяг крымінальнага пераследу спадара Судаленкі, яго ўключэнне ў базы даных асоб, якія знаходзяцца ў вышуку, і адсутнасць магчымасці для яго бяспечнага вяртання ў Беларусь дзеля ўз’яднання са сваёй сям’ёй наглядна дэманструюць працяглыя і шкодныя наступствы транснацыянальных рэпрэсій, мэтай якіх з’яўляецца запалохванне, пакаранне і спроба прымусіць праваабаронцаў маўчаць нават пасля таго, як яны пакінулі сваю краіну», — гаворыцца ў заяве.
Эксперты ААН запыталі тлумачэнні ўрада Беларусі.