Фото: spring96.org
Праваабарончы цэнтр «Вясна» паведаміў пра пераслед грамадзяніна Ірана, які жыў у Беларусі з 2015 года. Імя мужчыны не раскрываецца з меркаванняў бяспекі. Паводле інфармацыі праваабаронцаў, ён працаваў урачом, меў часовы від на жыхарства.
Падставай для пераследу стала перасылка ў асабістых паведамленнях у Instagram допісу з беларускага пратэснага пабліка, прызнанага ўладамі «экстрэмісцкім». Раніцай у красавіку гэтага года мужчыну затрымалі і даставілі ў будынак КДБ, дзе ўтрымлівалі 9 гадзін.
«Мне казалі, што калі я не буду рабіць тое, што яны хочуць, то яны будуць рабіць тое, што хочуць, бо ніхто не ведае, дзе я знаходжуся», — расказаў ён.
Ад затрыманага запатрабавалі запісаць відэа з заявай аб падтрымцы Корпуса вартавых ісламскай рэвалюцыі і духоўнага лідара Ірана. Супрацоўнікі ведамства паабяцалі, што ў выпадку запісу такога роліка яго не будуць дэпартаваць па «іранскай справе», аднак за правапарушэнне ў Беларусі яму ўсё роўна давядзецца адбыць тэрмін. Суд прызначыў яму 15 сутак адміністрацыйнага арышту за распаўсюджванне «экстрэмісцкіх матэрыялаў». Пакаранне ён адбываў у ІЧУ на Акрэсціна.
«Там было вельмі брудна і холадна. Былі клапы, якія кожную секунду мяне кусалі. Мне нават не далі антыгістамінны прэпарат (лекавы сродак, які здымае сімптомы алергіі). Пастаянна крычалі, называлі „бандытам“. З-за таго, што я сядзеў па палітыцы, мяне не выпускалі нават гуляць на свежым паветры.
Усе гэтыя 15 сутак я быў без душа і без сродкаў гігіены. Са мной у камеры былі яшчэ два беларусы, якія сядзелі таксама за палітыку. У іншых камерах былі затрыманыя за наркотыкі — у іх умовы былі лепшыя, чым у нас», — апісаў ён умовы ўтрымання.
Паводле слоў мужчыны, ён з’ехаў з Ірана і жыў у Беларусі з 2015 года менавіта праз складаную палітычную сітуацыю на радзіме. Звярнуцца па дапамогу да дыпламатаў сваёй краіны ён не мог, бо ў Іране яму пагражае пераслед ажно да смяротнага пакарання.
«З-за сітуацыі ў Іране пасольства Ісламскай Рэспублікі здало мяне КДБ», — кажа ён.
Пасля адбыцця арышту яго дэпартавалі. Нягледзячы на запэўніванні ўладаў пра афармленне забароны на 5 гадоў без штампа ў пашпарт, у аэрапорце яму паставілі штамп аб забароне ўезду на максімальны тэрмін — 30 гадоў, да 2056 года. Дэпартацыя ў Іран была прадухілена — мужчыну выслалі ў трэцюю краіну. У цяперашні час ён знаходзіцца ў бяспецы.