Фото: Офис Тихановской
17 чэрвеня ў Бруселі Святлана Ціханоўская сустрэлася з прэзідэнтам Еўрапейскага эканамічнага і сацыяльнага камітэта (EESC) Шэймасам Боландам, паведамляе Офіс Ціханоўскай.
Бакі абмеркавалі сітуацыю ў Беларусі, падтрымку грамадзянскай супольнасці, рэалізацыю падпісанага летась Мемарандума аб супрацоўніцтве паміж EESC і беларускімі дэмакратычнымі сіламі, а таксама новыя механізмы інстытуцыйнага супрацоўніцтва.
Ціханоўская прапанавала стварыць у EESC кансультатыўную або рабочую групу па Беларусі. Такая група магла б стаць пастаяннай платформай для супрацоўніцтва з беларускай грамадзянскай супольнасцю.
Асобна абмяркоўвалася сітуацыя з незалежнымі прафсаюзамі ў Беларусі і сумесныя кампаніі ў падтрымку беларускіх прафсаюзаў і палітычных зняволеных.
Лідарка беларускіх дэмсіл прапанавала пашырыць праграмы стажыровак для беларускіх студэнтаў і маладых спецыялістаў, падтрымаць незалежныя СМІ, арганізоўваць культурныя і адукацыйныя мерапрыемствы, сумесныя кампаніі супраць дэзінфармацыі, а таксама больш актыўна ўцягваць беларускія тэмы ў еўрапейскія дыскусіі пра бяспеку, дэмакратыю і будучыню Еўропы.
«Я вельмі ўдзячная EESC за тое, што Беларусь тут успрымаюць не як праблему, а як будучага партнёра. Пакуль рэжым спрабуе ізаляваць беларусаў ад Еўропы, мы павінны будаваць новыя масты. Менавіта людзі, грамадзянская супольнасць, незалежныя прафсаюзы, журналісты і культурніцкія дзеячы стануць асновай новай дэмакратычнай Беларусі», — заявіла Ціханоўская.
Еўрапейскі эканамічны і сацыяльны камітэт — кансультатыўны орган Еўрапейскага саюза, які прадстаўляе працадаўцаў, прафсаюзы і арганізацыі грамадзянскай супольнасці краін ЕС.