Тэхнічныя кансультацыі паміж ЗША і Іранам працягваюцца, нягледзячы на абмен ударамі. Пра гэта паведамляе Bloomberg са спасылкай на амерыканскага чыноўніка.
Паводле яго слоў, ЗША па-ранейшаму прытрымліваюцца курсу на пошук рашэння праблемы з Іранам.
Агенцтва мяркуе, што такімі каментарыямі амерыканскі бок спрабуе развеяць асцярогі наконт аднаўлення поўнамаштабнай вайны.
Нагадаем, на гэтым тыдні на фоне пахавання Алі Хаменеі іранскі бок атакаваў гандлёвыя судны ў Армузскім праліве. Пасля гэтага ЗША і Іран двойчы абмяняліся ўдарамі. Амерыканскі бок атакаваў розныя аб’екты на тэрыторыі Ірана, уключаючы сродкі СПА, ракетныя ўстаноўкі, катэры КВІР.
У сваю чаргу іранскія вайскоўцы нанеслі ўдары па базах ЗША ў Бахрэйне і Кувейце. На гэтым фоне прэзідэнт ЗША Дональд Трамп заявіў, што з амерыкана-іранскім мемарандумам, падпісаным дзеля спынення вайны, пакончана. Таксама ЗША адмянілі змякчэнне санкцый у дачыненні да іранскай нафты.