Фото: U.S. Central Command
Іран атакаваў амерыканскія аб’екты ў Іарданіі. Пра гэта паведамілі ў Цэнтральным камандаванні ЗША, якое адказвае за аперацыі на Блізкім Усходзе.
“Сёння сілы Корпуса вартавых ісламскай рэвалюцыі выпусцілі некалькі балістычных ракет з Ірана, спрабуючы здзейсніць раптоўны напад на амерыканскія войскі, дыслакаваныя на Блізкім Усходзе. Усе іранскія ракеты былі паспяхова перахопленыя. Амерыканскія войскі захоўваюць пільнасць і знаходзяцца ў стане высокай баявой гатоўнасці”, – гаворыцца ў паведамленні.
Інфармацыя пра ўдары з’явілася да таго, як Цэнтральнае камандаванне абвясціла пра атаку на сілы ў Іраку, якія падтрымліваюцца КВІР. Яна была здзейсненая сумесна з Саудаўскай Аравіяй.
“Знішчальнікі ЗША і Саудаўскай Аравіі нанеслі ўдары па шматлікіх аб’ектах матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння і захоўвання зброі тэрарыстаў на ўсходзе Ірака ў рамках рашучага адказу на больш як 30 атак беспілотнікаў, накіраваных Корпусам вартавых ісламскай рэвалюцыі за апошнія 72 гадзіны”, – адзначылі ў Цэнтральным камандаванні.
На новым этапе эскалацыі звычайна Іран адказваў на амерыканскія налёты. Аднак гэтым разам, падобна, КВІР узяў ініцыятыву на сябе.
Трэба адзначыць, што з пятніцы ЗША прыпынілі налёты на Іран. Дональд Трамп заяўляў, што перамовы з Тэгеранам ідуць добра. Таксама з’явілася інфармацыя пра кантакты паміж Аманам і Іранам наконт Армузскага праліва. Прадметам перамоў было адкрыццё цэнтральнага маршруту праз праліў.
Учора ўвечары найбліжэйшы ф’ючарс на нафту маркі Brent апускаўся ніжэй за 83 долары за барэль. Аднак сёння раніцай ён зноў таргуецца на ўзроўні 87-88 долараў за барэль.