Хусіты атакавалі саудаўскія танкеры ў Чырвоным моры. Нафта даражэе

Хусіты ўзялі на сябе адказнасць за ўдары па двух саудаўскіх нафтавых танкерах у Чырвоным моры. У панядзелак баевікі, якіх падтрымлівае Іран, абвясцілі пра марскую блакаду Саудаўскай Аравіі.

Пасля гэтай заявы некалькі танкераў змянілі курс у Чырвоным моры, каб не праходзіць праз Баб-эль-Мандэбскі праліў, размешчаны каля ўзбярэжжа Емена.

Пазней стала вядома, што танкер «Энселія» падаў сігнал бедства, паведаміўшы пра трапленне ракеты ў раёне саудаўскага порта Джызан у Чырвоным моры. У насавой частцы судна ўзнік пажар. Пацярпелых няма. Заява хусітаў пра напад на другое судна пад назвай «Лэйла» пакуль не атрымала пацвярджэння.

Між тым, як піша Reuters, два кітайскія танкеры пакуль працягваюць рух з мэтай прайсці праліў паміж Чырвоным морам і Індыйскім акіянам.

Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп заявіў, што можа разабрацца і з хусітамі.

«Калі адбудзецца нешта падобнае, мы з гэтым разбяромся. Мы ўжо рабілі гэта з хусітамі», — сказаў ён.

Тым часам Цэнтральнае камандаванне ЗША завяршыла ўжо 12-ю серыю ўдараў па Іране. Заяўлена, што былі атакаваныя марскія аб’екты, сховішчы ракет і беспілотнікаў, пункты берагавой разведкі і сродкі супрацьпаветранай абароны. Амерыканскія вайскоўцы таксама паведамілі, што пасля аднаўлення марской блакады Ірана яны ўжо перанакіравалі дзевяць камерцыйных суднаў і спынілі адно судна.

КВІР заявіў, што тры танкеры не змаглі прайсці Армузскі праліў нават пры падтрымцы ЗША. Паводле версіі іранскага боку, адзін з іх падарваўся на міне, а два іншыя пасля гэтага разгарнуліся. У КВІР падкрэслілі, што корпус кантралюе праліў і ён застанецца закрытым, «пакуль ЗША працягваюць свае акты агрэсіі ў рэгіёне».

На гэтым фоне нафтавыя каціроўкі працягваюць расці. Сёння раніцай бліжэйшы ф’ючарс на нафту маркі Brent дасягаў адзнакі 96,41 долара за бараль. Пасля невялікай карэкцыі ён працягвае таргавацца вышэй за 95 долараў за бараль.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!