Фото: Минобороны
Міністр абароны Віктар Хрэнін у інтэрв’ю беларускай тэлевізіі заявіў, што краіна не імкнецца ўцягвацца ў гонку ўзбраенняў. Адна з прычын — абурэнне народа.
«Мы рыхтуемся, займаемся будаўніцтвам, развіццём нашых Узброеных Сіл на планавай аснове. Мы не імкнёмся ўцягвацца ў гонку ўзбраенняў. На гэты момант можна па-рознаму глядзець. Уцягнуўшыся ў гонку ўзбраенняў, мы разбурыім сацыяльныя праграмы. Народ можа абурыцца з-за таго, што мы будуем сацыяльную дзяржаву, а тут цяпер будзем на ўзбраенне траціць. Таму, зыходзячы з прынцыпу разумнай дастатковасці, тых фінансавых сродкаў, якія выдзяляюцца, мы і займаемся сваім планаваннем», — сказаў ён.
Варта адзначыць, што на працягу некалькіх гадоў да гэтага ў рэспубліканскім бюджэце пастаянна павышаліся выдаткі на нацыянальную абарону. Так, на гэты год яны былі запланаваныя ў суме больш за 4,7 млрд рублёў, а ў наступным годзе плануецца выдаткаваць 4,52 млрд рублёў. Паведамлялася, што ў 2024 годзе беларуская армія прыняла на ўзбраенне 13 узораў узбраення, ваеннай і спецыяльнай тэхнікі.
«У нас дастаткова таго ўзбраення, якое ёсць. Хоць многія скептыкі кажуць, што яно савецкае, састарэлае. Нічога падобнага. Яно добра ваюе. А калі яшчэ трошкі дадаць мадэрнізацыі, добрых сродкаў сувязі, абароны, радыёэлектроннай барацьбы, беспілотнікі цяпер з’явіліся, то гэта становіцца вельмі добрым, такім комплексным ваенным ядром, якое неабходна для абароны. Мы не збіраемся праяўляць агрэсіі, мы нікога не разглядаем у якасці ворага, але мы гаворым пра тое, што мы будзем абараняць сваю краіну, калі хтосьці захоча вырашаць пытанні з пункту гледжання ваеннай сілы», — працягнуў Хрэнін.
Паводле яго слоў, Мінабароны таксама разлічвае на супрацоўніцтва з РФ, у якасці прыкладу ён прывёў «Арэшнік» і размяшчэнне тактычнай ядзернай зброі.
«Яна ў нас ёсць, усё нармальна. Прэзідэнт перыядычна таксама падкрэслівае гэта. Зусім нядаўна яна была абноўленая. Крайняя выкананая задача нашых кіраўнікоў дзяржаў — комплекс “Арэшнік” размешчаны на нашай тэрыторыі», — сказаў ён.
Хрэнін таксама абвінаваціў краіны Захаду ў падрыхтоўцы вайны. Варта адзначыць, што планы пераўзбраення армій многія дзяржавы актывізавалі пасля таго, як Расія ў 2022 годзе пачала поўнамаштабную вайну супраць Украіны, выкарыстаўшы для ўварвання таксама і тэрыторыю Беларусі.
«Тут таксама хочацца сказаць, каб яны не ўспрымалі наша імкненне да міралюбнасці як слабасць. Яны ж думаюць, што мы тут спалохаліся. Нічога мы не спалохаліся. Але мы цудоўна разумеем тое, што трэба, каб гаварылі палітыкі, трэба, каб гаварылі людзі словамі, а не гарматнымі залпамі. І мы да гэтага гатовыя, Прэзідэнт гэта неаднаразова падкрэсліваў. Таму мы гаворым, давайце будзем мірна дамаўляцца», — сказаў Хрэнін.