Фото: Christoph Schulz, unsplash.com
Аб’яднаныя Арабскія Эміраты на пачатку красавіка нанеслі ўдары па Іране. Пра гэта паведамляе The Wall Street Journal са спасылкай на крыніцы. Афіцыйна ўлады ААЭ не каментуюць інфармацыю.
Паводле даных выдання, ААЭ на пачатку красавіка атакавалі некалькі аб’ектаў на тэрыторыі Ірана, уключаючы НПЗ на востраве Лаван. Атака адбылася прыкладна ў той час, калі прэзідэнт ЗША Дональд Трамп абвясціў пра спыненне агню. Тады Іран паведаміў пра атаку на НПЗ, у выніку чаго адбыўся буйны пажар, а завод атрымаў пашкоджанні. У адказ іранскія сілы ўдарылі па ААЭ і Кувейце.
ЗША тады не былі занепакоеныя абменам ударамі, таму што перамір’е яшчэ фармальна не ўступіла ў сілу.
Выданне адзначае, што ААЭ падвергліся найбольш інтэнсіўным атакам Ірана. Па краіне было выпушчана больш за 2800 ракет і беспілотнікаў, што больш, чым па любой іншай краіне, уключаючы Ізраіль.
Вайна нанесла ўдар па паветраным транспарце, турызме і рынку нерухомасці ААЭ. Гэта прывяло да змены падыходаў эмірацкіх уладаў, якія цяпер лічаць, што Іран імкнецца падарваць эканамічную мадэль краіны.
ААЭ таксама дзейнічалі супраць фінансавых схем Ірана.