Скрын відэа.
Беларуска-украінскі гурт Spievy z-pаd mosta (або проста Spievy) стаў удзельнікам чарговага выпуску папулярнага польскага шоу талентаў «Mam Talent!». Дзяўчаты атрымалі аднагалоснае ўхваленне ўсіх чатырох чальцоў журы, аднак пазней арганізатары даслалі ліст з паведамленнем, што ў праекце зашмат актораў, і таму хор не будзе ўдзельнічаць у фінале. Пра гэта паведаміла сузаснавальніца калектыву спявачка Руся. Яна мяркуе, што прычынай маглі стаць тэхнічныя складанасці ў працы з вялікай групай людзей, бо цяжка такі калектыў «запакаваць па-прадзюсарску». «Уявіце, ну адзін-два чалавекі — лягчэй працаваць, а тут такі запакаваць — усе маці, працуюць — гэта проста было немагчыма тэхнічна», – расказала Руся ў праграме «Раніца з «Белсатам».
Аднак спявачка ўспрыняла гэты досвед як дадатны, бо такая ўвага дае шанцы на атрыманне кантрактаў у будучыні. «Тут у Польшчы мы не сустракаем калектываў, якія займаюцца традыцыйнымі спевамі польскімі. Вось таму палякі так класна рэагуюць на памежную культуру, на беларускую. І людзі былі ў захапленні. Што тычыцца чальцоў журы, то, як мне падалося, яны проста кайфанулі і адпачылі».
«Mam Talent!» — гэта польская версія сусветнай франшызы. Шоу з’яўляецца часткай глабальнага праекта Got Talent (як America’s Got Talent ці «Україна мае талант»), мэта якога — адшукаць сярод звычайных людзей унікальныя, неардынарныя здольнасці і даць ім шанс заявіць пра сябе на ўсю краіну незалежна ад узросту, прафесіі ці паходжання. У Польшчы праект выходзіць на канале TVN з 2008 года і з’яўляецца адным з самых рэйтынгавых шоу ў гісторыі мясцовага тэлебачання.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram