Фото: Matthieu Levé, unsplash.com
У Венгрыі ў нядзелю, 12 красавіка, праходзяць выбары ў Дзяржаўны сход. Выбарчыя ўчасткі адкрыліся ў 6 раніцы і закрыюцца ў 19 гадзін. Усяго па краіне працуюць 10 047 выбарчых участкаў, да галасавання запрошаны каля 7,5 мільёна выбарцаў.
Як адзначае Telex, яўка з першых гадзін б’е рэкорды. Да 9 раніцы прагаласавалі ўжо 16,89% выбарцаў — амаль удвая больш, чым чатыры гады таму на той жа момант, калі яўка складала 10,31%. Аналітыкі прагназуюць, што канчатковая яўка можа перавысіць 75% і стаць рэкорднай у гісторыі краіны.
У выбарах удзельнічаюць 5 партый. Ключавое супрацьстаянне на іх — паміж дзеючым прэм’ер-міністрам Віктарам Орбанам, які кіруе краінай ужо 16 гадоў, і лідарам апазіцыйнай партыі “Тыса” Петэрам Мадзьярам. Орбан пасля галасавання заявіў журналістам, што «прыйшоў перамагаць» і станоўча ацаніў высокую яўку. Мадзьяр, у сваю чаргу, заявіў, што не дапускае думкі пра паражэнне, і назваў выбары «лёсавызначальнымі».
Галасаванне праходзіць і за мяжой — на 149 дыпламатычных пляцоўках. Сёлета за мяжой зарэгістраваны каля 91 тысячы венгерскіх выбарцаў.
Вынікі пачнуць паступаць пасля закрыцця ўчасткаў у 19 гадзін. Першыя дадзеныя чакаюцца каля 21 гадзіны.