Скриншот видео
Супрацоўнікі ГУБАЗіК затрымалі мужчыну, які, як сцвярджаецца, набываў сім-карты для блогера Андрэя Павука, каб выкарыстоўваць іх для рассылкі пагрозаў. Відэа з абвінавачаннямі на адрас Павука выйшла на тэлеканале АНТ.
Прапагандысты заяўляюць, што 9 снежня мясцовая жыхарка патэлефанавала на заставу ў Лідскім раёне і паведаміла пра падазронага мужчыну, які прасіў актываваць беларускую сімку. Памежнікі перадалі інфармацыю ГУБАЗіКу.
Мужчыну затрымалі. Сцвярджаецца, што ён ехаў на сустрэчу з прадаўцом сім-бокса — прылады, якая дазваляе адначасова выкарыстоўваць некалькі сім-карт.
Затрыманага завуць Сяргей. Прапагандысты называюць яго «звяном у камбінацыі дэструктыўных сіл, якія дзейнічаюць з тэрыторыі Літоўскай Рэспублікі».
Дэманструюцца кадры з допыту затрыманага.
«Мяне папрасілі: схадзі ў любы магазін, купі сімкі, устаў у скрынку», – сказаў мужчына. Ён дадаў, што не ведаў, для чаго будуць выкарыстоўвацца сімкі.
У сюжэце сцвярджаецца, што купіць сім-карты папрасіў блогер Андрэй Павук, які жыве ў Літве. Прыводзяцца запісы нібыта яго галасавых паведамленняў. ГУБАЗіК заяўляе, што з дапамогай сім-карт планавалася рассылка паведамленняў з пагрозамі падчас ВНС.
«У дадзеным выпадку планавалася ажыццяўляць масавыя званкі ў школы, бальніцы, дзяржаўныя ўстановы, электрастанцыі і крытычна важныя аб’екты інфармацыйнай інфраструктуры з заведама ілжывымі паведамленнямі пра бяспеку і тэрарыстычнымі пагрозамі. Усё гэта планавалася з-за мяжы з мэтай дэстабілізаваць сітуацыю ў перыяд правядзення Усебеларускага народнага сходу. Праведзенымі мерапрыемствамі ўдалося спыніць злачынны намер на стадыі падрыхтоўкі. У цяперашні час праводзіцца праверка. Дзеянням затрыманага будзе дадзеная прававая ацэнка», — заявіў прадстаўнік ГУБАЗіК.
***
Андрэй Павук — гэта беларускі блогер, вядомы сваімі правакацыйнымі відэа, у тым ліку пранкамі з беларускімі чыноўнікамі. Баючыся арышту, ён быў вымушаны ўцячы ў Літву. У Беларусі завочна прысуджаны да 12 гадоў пазбаўлення волі па справах аб «экстрэмізме». Рэжым у Мінску выкарыстоўвае абвінавачанні ў экстрэмізме і тэрарызме для барацьбы з палітычнымі апанентамі і любымі праявамі іншадумства.