Хрэнін абмеркаваў ваеннае супрацоўніцтва з прэзідэнтам Зімбабвэ

Міністр абароны Беларусі Віктар Хрэнін сустрэўся з прэзідэнтам Зімбабвэ Эмерсанам Мнангагвам 15 снежня, паведамляе прэс-служба Мінабароны.

Хрэнін заявіў, што Беларусь імкнецца супрацоўнічаць з Зімбабвэ ў тым ліку і ў ваеннай сферы, і працытаваў Аляксандра Лукашэнку, які сказаў, што без Афрыкі «не можа быць ніякага планетарнага развіцця».

«Асноўная мэта майго візіту — актывізацыя ваеннага і ваенна-тэхнічнага двухбаковага супрацоўніцтва паміж Рэспублікай Беларусь і Рэспублікай Зімбабвэ. У сучасных умовах мы павінны быць гатовыя адказаць на любыя выклікі, якія нясуць пагрозу бяспецы нашых краін. І ў ваенным плане Беларусі ёсць што прапанаваць Зімбабвэ. І як на ўзроўні кіраўнікоў дзяржаў, так і кіраўнікоў ведамстваў у нас няма закрытых тэм для абмеркавання», — заявіў Хрэнін.

Міністр абароны распавёў прэзідэнту Зімбабвэ пра зняцце санкцый ЗША з беларускага калію.

«Гэта дазволіць нам аднавіць і нарошчваць супрацоўніцтва ў гэтым напрамку», — адзначыў Хрэнін.

Мнангагва заявіў, што Зімбабвэ лічыць Беларусь стратэгічным партнёрам і гатовая развіваць узаемаадносіны паміж краінамі ў розных сферах:

«Я перакананы, што наша супрацоўніцтва дасць канкрэтныя перавагі абодвум бакам. Зімбабвэ цэніць Беларусь і яе падтрымку. Мне вядома, што паміж міністэрствамі абароны Беларусі і Зімбабвэ было падпісана пагадненне. Гэта важны інструмент для пашырэння і ўмацавання нашага абароннага супрацоўніцтва. Зімбабвэ разлічвае на ўзмацненне супрацоўніцтва ў галіне механізацыі сельскай гаспадаркі», — заявіў Мнангагва.

Прэзідэнт Зімбабвэ папрасіў перадаць цёплыя пажаданні Лукашэнку.

«Ён адзін з маіх сяброў у Еўропе. Я яму давяраю і разлічваю на яго», — адзначыў ён.

Нагадаем, учора Хрэнін і міністр абароны Зімбабвэ Оппа Мучынгуры-Кашыры падпісалі пагадненне аб ваенным супрацоўніцтве.

Фота: Мінабароны
🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!