Грэм падтрымлівае вяртанне амбасады ЗША. Ён разлічвае, што фестываль у Мінску адчыніць дзверы ў Расію

Амерыканскі прапаведнік Франклін Грэм лічыць, што царква можа адыграць ролю ў пабудове мастоў паміж ЗША, Беларуссю, Расіяй і Украінай. Пра гэта ён заявіў у інтэрв’ю журналістцы Грэце Ван Сустэрэн, якая суправаджала яго падчас візіту ў Мінск, дзе прапаведнік сустрэўся з Аляксандрам Лукашэнкам і выступіў на пратэстанцкім “Фестывалі Надзеі”. Грэм таксама выказаўся за адкрыццё амбасады ЗША ў Беларусі.

“Паступова мы пачынаем думаць пра нашу ўласную краіну і пра неабходнасць для Беларусі і Амерыкі будаваць масты. Я веру, што менавіта так мы будуем масты – праз царкву, і тое, што адбылося тут, паўплывае на Расію і адкрые там дзверы. І важна, каб мы спрабавалі будаваць масты ўзаемаразумення і добрых адносін паміж нашымі краінамі, таму што ўсё можа вельмі хутка пайсці наперакасяк.

І нам трэба прасіць бога, калі мы молімся за прэзідэнта, нам трэба маліцца за прэзідэнта Трампа, за прэзідэнта Лукашэнку і прэзідэнта Пуціна, каб Бог уздзейнічаў на іх сэрцы і крануў іх сэрцы, і прэзідэнта Зяленскага, каб гэта (верагодна, гаворка пра расійска-ўкраінскую вайну – заўв.) было вырашана, і гэта не будзе вырашана з дапамогай зброі і куль. Думаю, гэтую праблему можна вырашыць, аб’яднаўшы лідараў і памаліўшыся, папрасіўшы бога пра дапамогу”, – сказаў ён.

Грэта Ван Сустэрэн адзначыла, што Грэм абмяркоўваў гэта з Лукашэнкам, і ёй падалося, што той пагадзіўся.

“Думаю, так. Мне так падалося. Нам проста трэба… Вы ведаеце, мы закрылі амбасаду ў гэтай краіне ў знак пратэсту супраць вайны па суседстве і гэтак далей. Дык давайце возьмем нашага амбасадара, возьмем наш голас. Данясём наш голас да краіны.

Думаю, нам трэба адкрыць гэтыя амбасады, і гэта не азначае, што мы згодныя з краінай і яе рашэннямі, але, прынамсі, у нас будзе голас, мы будзем у краіне, і мы зможам паспрабаваць паўплываць на сітуацыю. І я не палітык, але я проста думаю, што размова і зносіны з людзьмі вельмі важныя. Мы павінны глядзець людзям у вочы і размаўляць з імі, як гэта было ўчора з намі і прэзідэнтам. Гэта сустрэча павінна была доўжыцца менш за гадзіну – 45 хвілін, а працягнулася дзве гадзіны. Думаю, ён бы працягваў гаварыць, калі б не гэта”, – дадаў Грэм.

Падчас інтэрв’ю журналістка неаднаразова выказвала здзіўленне, наколькі добра прайшоў фестываль і як шмат людзей яго наведала. На яе думку, гэта добра для Беларусі і Лукашэнкі.

“Што ж, я спадзяюся, што мы зможам сабраць нашых двух прэзідэнтаў разам у найбліжэйшы час”, – адрэагаваў Грэм.

Ён таксама адзначыў, што Дональд Трамп і Лукашэнка падобныя.

“Вядома, гэтыя два чалавекі крыху падобныя. Яны даволі прагматычныя. Людзі кажуць тое, што думаюць. І не баяцца прымаць рашэнні. І я думаю, што гэтыя двое мужчын цалкам могуць паладзіць”, – сказаў ён.

Журналістка таксама падзялілася сваімі ўражаннямі ад паездкі ў Беларусь.

“Прэзідэнт Беларусі, Лукашэнка, дазволіў яму прапаведаваць, таму што ў іх ніколі раней не было нічога падобнага – евангельскага прапаведніка, які прыязджае ў Беларусь і прапаведуе. Як вы, магчыма, ведаеце, Беларусь была часткай Савецкага Саюза, і Лукашэнка – адзіны прэзідэнт, які ў іх быў, і ён быў прэзідэнтам, здаецца, 31 год, аўтарытарны, можа быць, 34 гады, кіруе даволі жорстка.

І вы, магчыма, чулі, як я брала інтэрв’ю ў свайго мужа (Джона Коўла – заўв.) у сваёй навінавай праграме, таму што мой муж спрабаваў вывезці палітычных зняволеных з Беларусі, і я крыху адхілюся, але ён вывез больш за 500 палітычных зняволеных з Беларусі, і ён звярнуўся да Лукашэнкі, таму што прападобны Франклін Грэм спытаў яго, ці не дазволіць ён яму прыехаць у Беларусь і прапаведаваць. І адказ быў, чаму мы з Джонам, шчыра кажучы, былі здзіўленыя, “Так!”, – распавяла яна.

Паводле яе слоў, рэкламаваць фестываль было нельга, усё распаўсюджвалася з вуснаў у вусны, каля 700 цэркваў распаўсюджвалі інфармацыю на працягу месяца. Таму яна лічыць, што ў “Чыжоўка-Арэне” былі два аншлагавыя вечары і многія засталіся па-за яе межамі, неверагодны вынік. Яна таксама распавяла, што, на яе думку, у першы дзень на фестывалі прысутнічалі назіральнікі Лукашэнкі. І на другі дзень арганізатарам дазволілі ўсталяваць экраны па-за межамі арэны.

“Так што гэта свайго роду прарыў у краіну, у якой былі вельмі дрэнныя адносіны са Злучанымі Штатамі. У нас там няма амбасадара. І, вядома ж, Злучаныя Штаты ўвялі санкцыі супраць Лукашэнкі і Беларусі, таму што яны дазваляюць Пуціну размяшчаць зброю на мяжы з Украінай. Так што адносіны ЗША з Беларуссю вельмі нестабільныя і часта варожыя, але Джону і Дзярждэпартаменту, майму мужу Джону, удалося крыху прарвацца.

І зрабіць Беларусь крыху больш дружалюбнай да Злучаных Штатаў у перамовах, а Злучаныя Штаты — да Беларусі. І што асабліва характэрна, прысутнасць прападобнага Франкліна Грэма там — гэта вельмі важна. Ведаеце, гэта вельмі дапамагае растапіць лёд. І вы можаце не любіць краіну і лідара, але калі вы размаўляеце, вы не страляеце адзін у аднаго. Гэта было нешта грандыёзнае, вельмі важнае”, – сказала яна.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!