Армия Литвы охраняет границу с Беларусью. Фото: facebook.com/kariuomene
Грамадзянін Ірака Ш. Дж. Х. О. Х. О. паўстане перад судом у Літве па справе аб незаконнай перапраўцы не менш як 37 сваіх суайчыннікаў праз беларускую мяжу ў 2021 годзе. Крымінальная справа перададзена на разгляд у Віленскі акруговы суд.
Як паведамляе Генеральная пракуратура Літвы, злачынствы былі ўчыненыя ў перыяд з красавіка па ліпень 2021 года «з карыслівых меркаванняў» і ў складзе арганізаванай групы. Сцвярджаецца, што абвінавачаны дзейнічаў сумесна з саўдзельнікамі, якія знаходзіліся ў Іраку, Турцыі, Беларусі, Літве і Германіі.
Знаходзячыся ў Беларусі, мужчына каардынаваў план і дзеянні па перапраўцы замежнікаў праз мяжу, абяцаючы ім пасля прыбыцця ў Літву арганізаваць далейшую дастаўку ў краіны Заходняй Еўропы. За свае паслугі група, паводле ацэнкі пракуратуры, павінна была атрымаць узнагароджанне ў памеры не менш як 65 тысяч долараў.
Крымінальная справа вылучаная з маштабнага расследавання, пачатага ў чэрвені 2021 года па факце «інструменталізаванай міграцыі» — арганізацыі масавай перапраўкі замежнікаў праз літоўска-беларускую мяжу. Папярэдняе расследаванне праводзілі супрацоўнікі крымінальнага падраздзялення Службы аховы дзяржаўнай мяжы Літвы пад працэсуальным кіраўніцтвам пракурора Генеральнай пракуратуры Літвы.
У канцы 2024 года абвінавачанага затрымалі ў Арменіі паводле еўрапейскага ордара на арышт, а ў верасні 2025 года ён быў экстрадаваны ў Літву. У дачыненні да яго абраная самая строгая мера стрымання — утрыманне пад вартай.
У пракуратуры таксама нагадалі, што 7 лютага 2024 года Віленскі акруговы суд ужо вынес прысуд аднаму з саўдзельнікаў абвінавачанага. Грамадзянін Ірака быў прызнаны вінаватым у арганізацыі незаконнай перапраўкі людзей праз мяжу і прысуджаны да 2 гадоў і 8 месяцаў пазбаўлення волі з памяншэннем тэрміну на адну траціну.