Гомельшчына і Брэстчына: дзе фіксавалі залёты расійскіх беспілотнікаў у красавіку

Красавік стаў рэкордным па мінімальнай колькасці зафіксаваных залётаў расійскіх беспілотнікаў у Беларусь. Усе яны адбыліся напрыканцы месяца. Такія дадзеныя прыводзіць «Флагшток», які рэгулярна адсочвае парушэнні паветранай прасторы Беларусі расійскімі БпЛА падчас атак на Украіну.

Днём 25 красавіка ўкраінскі маніторынгавы канал «еРадар» зафіксаваў пралёт праз тэрыторыю Беларусі рэактыўнага «шахеда», які накіроўваўся ў бок Кіеўскага вадасховішча паблізу Чарнобыля. Вадасховішча прымыкае да Брагінскага раёна Гомельскай вобласці.

У тую ж дату, але глыбокай ноччу, яшчэ адзін расійскі беспілотнік залятаў у Брэсцкую вобласць. Паводле даных канала «Рында маніторыць», дрон манеўраваў на поўдзень ад Пінска. Канал «ППА радар» апублікаваў схему, згодна з якой беспілотнік увайшоў у паветраную прастору Беларусі, а затым вылецеў у Валынскую вобласць для атакі на горад Ковель.

Акрамя задакументаваных выпадкаў, «Флагштоку» вядома яшчэ пра некалькі эпізодаў у адным з памежных раёнаў Гомельшчыны. Расійскія БпЛА там бачылі і чулі як мінімум двойчы ў другой палове красавіка. У адным выпадку дрон ляцеў прыкладна па лініі беларуска-ўкраінскай мяжы, у другім — перасякаў яе і залятаў на беларускую тэрыторыю.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!