“Глядзіце, не асаромцеся з якасцю”. Лукашэнку паказалі самы магутны трактар МТЗ

Аляксандру Лукашэнку сёння паказалі самы магутны трактар у лінейцы МТЗ. BELARUS-5425 мае рухавік магутнасцю 542 к.с. Як паведамлялася раней, у гэтым годзе была сабрана адна такая машына, да канца мая планавалася сабраць яшчэ пяць трактароў. Серыйная вытворчасць можа стартаваць у 2027 годзе.

Міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Юрый Горлаў падчас прэзентацыі заявіў, што беларускім аграрыям хопіць 300 такіх трактароў. Лукашэнка ж быў перш за ўсё заклапочаны якасцю.

“Барані божа, у вас будзе няякасная тэхніка. Тэхніка павінна быць якасная. Удзяліце гэтаму асаблівую ўвагу”, — прыводзіць цытату Лукашэнкі яго прэс-служба.

Ён яшчэ раз падкрэсліў, што тэхніку МТЗ павінны купляць з-за добрай якасці, бо гэта наш брэнд і нельга апускацца.

“Трактар павінен быць якасны. Гарантыя — мінімум 5 гадоў. А потым і шэсць, і сем. Будзем патроху падымаць”, — сказаў ён.

“Будзем лічыць, што вы вырабілі “касмічны карабель”. Глядзіце, не асаромцеся з якасцю”, — яшчэ раз закрануў тэму Лукашэнка.

Ён таксама звярнуў увагу, што якасць ворыва павінна быць высокай, бо непасрэдна ўплывае на сабекошт сельгаспрадукцыі.

Новы трактар МТЗ мае каробку перадач без разрыву патоку магутнасці, высокапрадукцыйную гідрасістэму і сістэму аўтаматычнага кіравання. Паліўны бак на 900 л забяспечвае бесперапыннасць працы на працягу 10 гадзін.

Трактар таксама абсталяваны пярэднім і заднім навяснымі прыладамі грузападымальнасцю 5,5 т і 12 т. Адзначаецца, што доля камплектуючых уласнай вытворчасці МТЗ складае 76,9%, вытворчасці іншых прадпрыемстваў рэспублікі — 15,8%, вытворчасці прадпрыемстваў СНД — 1,8%, камплектуючыя вырабы пастаўкі з далёкага замежжа — 5,5%.

Фота: Пул першага
Фота: Пул першага
🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!