Фото: t.me/mintransbelarus
Беларусь і Расія створаць адзіны рэестр запазычанасцяў перавозчыкаў. Такое рашэнне прынята па выніках пасяджэння беларуска-расійскай Змешанай камісіі па міжнародных аўтамабільных перавозках у Мінску. Беларускую дэлегацыю ўзначаліў намеснік міністра транспарту і камунікацый Сяргей Дубіна, расійскую – намеснік міністра транспарту РФ Аляксей Шыла.
Рэестр стане адзінай крыніцай звестак для кантрольна-наглядных органаў абедзвюх краін. Адначасова вызначаны парадак выплаты беларускімі перавозчыкамі штрафаў за парушэнні на тэрыторыі Расіі і механізм непазбежнасці пакарання за транспартныя правапарушэнні ў Саюзнай дзяржаве, паведамілі ў прэс-службе Мінтранса РФ.
На 28 красавіка ў рэестры міжнародных маршрутаў зарэгістраваны 121 маршрут паміж дзвюма краінамі. У 2025 годзе ўзгоднена 39 новых маршрутаў, у 2026 годзе — яшчэ 8. Бакі дамовіліся падрыхтаваць сумесны план развіцця міжнародных аўтамабільных перавозак.
Удзельнікі пасяджэння таксама абмеркавалі выкарыстанне расійскіх аўтацыстэрнаў для перавозкі прадукцыі беларускіх нафтаперапрацоўчых заводаў, перавод транспартных дакументаў у электронны выгляд, сінхранізацыю падыходаў да перавозкі небяспечных грузаў і рэгістрацыю беларускіх рэзідэнтаў у расійскіх інфармацыйных базах даных.
Дасягнутыя дамоўленасці замацаваны ў пратаколе пасяджэння і лягуць у аснову раздзела па транспарце ў Асноўных напрамках рэалізацыі Дагавора аб стварэнні Саюзнай дзяржавы на перыяд 2027–2029 гадоў.