Фото: Генпрокуратура
Генпракуратура Беларусі накіравала ў суд справу аб аферы з маскоўскімі кватэрамі на мільён долараў. Абвінавачваюцца чацвёра мужчын ва ўзросце ад 58 да 63 гадоў.
Паводле версіі абвінавачання, мужчыны дзейнічалі сумесна з іншымі асобамі (больш за 17 чалавек) у складзе міжнароднай злачыннай арганізацыі. У 2021–2025 гадах яны ўчынілі шэраг махлярстваў, звязаных з атрыманнем правоў на нерухомасць у Маскве, якая належала памерлым або зніклым без вестак людзям.
«Для дасягнення сваіх мэт яны з выкарыстаннем камп’ютарнай і друкарскай тэхнікі вырабілі падробленыя штампы, пячаткі, пасведчанні, а таксама афіцыйныя дакументы, у якіх зрабілі запісы і подпісы ад імя іншых асоб.
Аднаму з абвінавачаных дадаткова інкрымінуюцца незаконныя дзеянні ў дачыненні да боепрыпасаў», — гаворыцца ў паведамленні пракуратуры.
Ім прад’яўлены абвінавачанні па пяці артыкулах Крымінальнага кодэкса. Трое абвінавачаных застаюцца пад вартай.
Як паведамлялася раней, рэалізаваць кватэры зламыснікі так і не паспелі. Справу раскрылі сумеснымі намаганнямі беларускіх і расійскіх сілавікоў. У РФ былі затрыманыя 12 чалавек.