Фото: МВД
МУС і Следчы камітэт паведамілі пра раскрыццё злачыннай сеткі разам з расійскімі калегамі. Яна спецыялізавалася на падробцы дакументаў і махлярствах з нерухомасцю. Затрыманні праведзены на тэрыторыі Беларусі і Расіі.
Як расказалі ў МУС, 59-гадовы ўраджэнец Мінскай вобласці, раней неаднаразова судзімы, пасля адбыцця чарговага пакарання з’ехаў у Расію. Там ён таксама быў пазбаўлены волі за крадзеж у асабліва буйным памеры. У выніку ў 2021–2024 гадах мужчына стварыў сетку. Саўдзельнікі пачыналі з вырабу фальшывых пячатак, штампаў і дакументаў: выраблялі ў Беларусі і кур’ерам перадавалі пакупнікам у Расію.
Пазней гэтыя падробкі сталі выкарыстоўвацца для пацвярджэння ўступлення ў спадчыну памерлых або грамадзян, якія доўгі час адсутнічалі. Гаворка ішла пра кватэры ў Маскве. На іх прэтэндавалі пад выглядам сваякоў падстаўныя асобы. Так удалося завалодаць чатырма кватэрамі ў расійскай сталіцы.
“Злачынцы падшуквалі памерлых, зніклых без вестак або тых, хто доўгі час адсутнічаў, масквічоў, якія не мелі спадчыннікаў, пасля чаго афармлялі правы на іх нерухомасць па падробленых дакументах — праз фіктыўныя шлюбы і ўяўныя здзелкі куплі-продажу”, — растлумачылі ў СК.
Рэалізаваць кватэры злачынцы не паспелі.
У Беларусі затрыманыя чацвёра фігурантаў. У Расіі арыштаваныя яшчэ 12 чалавек.
Для раскрыцця справы была створана сумесная з расіянамі следча-аператыўная група.