Беларускі добраахвотнік «Лахвіч» заявіў, што пагаліцца яго прымусілі пад пагрозай сексуальнага гвалту

Былы баец батальёна «Волат» палка Каліноўскага Аляксандр Наўковіч з пазыўным «Лахвіч» праз паўтара месяца пасля публікацыі роліка са словамі «пакаяння» расказаў сваю версію таго, што адбылося. На сваім YouTube-канале ён апублікаваў відэа пад назвай *When your own people are worse than the occupier* («Калі свае горшыя за акупанта»).

Нагадаем, каля паўтара месяца таму ў акаўнтах Аляксандра Наўковіча з’явілася відэа, у якім ён з цалкам паголенымі валасамі, вусамі і барадой называў сябе «свінапасам» і прасіў прабачэння за свае словы.

Паводле яго слоў, ролік, які многія палічылі запісаным пад прымусам, сапраўды быў зняты пасля пагроз і фізічнага гвалту з боку беларускіх добраахвотнікаў.

Ён расказаў, што 31 мая яго праз дзяўчыну, з якой ён меў зносіны каля паўтара месяца, заманілі ў кватэру ў Ізюме.

«Прыязджаю, яна мне скідвае адрас — вось, кажа, маўляў, заходзь. Пакуль я там корпаўся, шукаў, яна сама выйшла сустрэць мяне. Вельмі манерная. Віталіся “рымскім вітаннем”, то-бок беларускамоўная, ідэйная. Ну, блін, клас», — кажа ён.

Дзяўчына настаяла, каб ён пайшоў дадому, дзе папрасіла яго схадзіць у душ.

«Ідзі хутчэй у душ, люблю чыстых мужчын», — прыводзіць ён яе словы.

Пасля таго, як ён зайшоў у душ, у памяшканні з’явіліся пяць чалавек, і яму паставілі ультыматум: або ён згольвае валасы, бараду і вусы і запісвае «пакаяннае» відэа, або яго падвергнуць сексуальнаму гвалту.

«Карацей, мяне праз дзяўчыну заманілі ў кватэру. Дзяўчына папрасіла мяне зайсці ў душ, я быў голы. Два рылы зайшлі здымаць мяне на тэлефон, трое стаялі ў кватэры — пяць чалавек мяне прэсавала. Мне прапанавалі: або мы цябе, прабачце, в…м у ср…у, або ты паголішся. І гэта беларускія добраахвотнікі. Я назаву два прозвішчы, два імёны, два пазыўныя — астатнія пакуль не важныя. Гэта «Гена» — Радзівон Батулін і «Ваўкалак» — Дзяніс Урбановіч», — кажа «Лахвіч».

«Выбар быў невялікі. Я не ідыёт. Таму вось у такім выглядзе я цяпер», — адзначыў ён, падкрэсліўшы, што відэа было запісана пад ціскам.

Паводле яго слоў, канфлікт пачаўся пасля таго, як ён публічна падтрымаў беларускага добраахвотніка Аляксандра Красоўскага («Жэрара»), які знаходзіцца пад следствам ва Украіне па справе аб самавольным пакіданні воінскай часці і незаконным абыходжанні са зброяй і боепрыпасамі. Ён заявіў, што пасля гэтага на яго абрынуўся «хейт» з боку Урбановіча, які абвінавачваў яго ў дыскрэдытацыі беларускіх добраахвотнікаў. Ён таксама расказаў пра сваркі з Батуліным у сацыяльных сетках, пасля якіх і адбыўся інцыдэнт са скандальным відэа.

Лахвіч паведаміў, што мае намер дамагчыся расследавання таго, што адбылося, праз украінскія суды і еўрапейскія праваабарончыя арганізацыі.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!