Арганізатары выездаў дзіцячых груп за мяжу будуць адказваць за іх бяспеку

Урад Беларусі прыняў пастанову «Аб выездзе непаўналетніх грамадзян за межы Рэспублікі Беларусь».

Дакумент вызначае парадак арганізацыі выезду дзяцей за межы Беларусі ў складзе арганізаваных груп. Адказнасць за бяспеку дзяцей ускладаецца на арганізатараў паездкі і суправаджальных асоб.

«За арганізатарамі выезду групы дзяцей за межы краіны на міжнародныя мерапрыемствы і суправаджальнымі асобамі замацоўваецца адказнасць за забеспячэнне бяспекі непаўналетніх падчас шляху і знаходжання за межамі Беларусі», – паведамляе прэс-служба ўрада.

Пастанова прынята праз два месяцы пасля атакі на аўтобус з беларускімі дзецьмі ў Бранскай вобласці Расіі. 17 чэрвеня аўтобус з беларускімі дзецьмі, якія накіроўваліся на адпачынак у расійскі Геленджык, трапіў пад удар беспілотніка. У выніку загінула жанчына, якая суправаджала групу, восем чалавек, у тым ліку шасцёра дзяцей, атрымалі раненні. Масква заявіла, што аўтобус быў атакаваны ўкраінскім дронам, Кіеў адхіліў гэтыя абвінавачанні і назваў тое, што адбылося, інфармацыйнай правакацыяй.

Пасля інцыдэнту Аляксандр Лукашэнка прапанаваў узяць арганізаваныя паездкі дзяцей за мяжу пад дзяржаўны кантроль.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!