Фото: sudexpert.gov.by
У Бабруйску 59-гадовы мужчына памёр ад механічнай асфіксіі пасля таго, як упаў тварам у лужыну падчас канфлікту на вуліцы. Як паведамілі ў Дзяржаўным камітэце судовых экспертыз Беларусі, інцыдэнт адбыўся падчас выпадковай сустрэчы двух мясцовых жыхароў.
43-гадовы бабруйчанін папрасіў у старэйшага цыгарэту, аднак паміж імі ўзнік слоўны канфлікт, які перарос у бойку. 59-гадовы мужчына быў нецвярозы. Падчас канфлікту ён атрымаў некалькі ўдараў па галаве, пасля чаго ўпаў на асфальтаваную дарогу тварам уніз у лужыну. Апанент выцягнуў яго з вады і выклікаў “хуткую” і міліцыю, аднак выратаваць яго не ўдалося.
Судова-медыцынская экспертыза ўстанавіла, што загінулы атрымаў траўмы галавы і рук, якія былі кваліфікаваныя як лёгкія і не знаходзіліся ў прычыннай сувязі са смерцю. У яго крыві выявілі этылавы спірт у канцэнтрацыі 3,6 праміле.
Эксперты прыйшлі да высновы, што прычынай смерці стала механічная асфіксія з-за закрыцця дыхальных шляхоў вадой пры ўтапленні.
У дачыненні да 43-гадовага мужчыны Бабруйскі міжраённы аддзел Следчага камітэта распачаў крымінальную справу па факце прычынення смерці па неасцярожнасці.