Гадавая інфляцыя ў лютым запаволілася да 5,6%

Белстат апублікаваў даныя пра інфляцыю ў лютым. Месячная інфляцыя склала 0,6%, што на 0,1 п.п. больш, чым у студзені. Разам з тым гадавы паказчык інфляцыі запаволіўся з 6,4% да 5,6%. Верагодна, гэта звязана з адкладзеным да 1 сакавіка павышэннем тарыфаў на ЖКП.

З пачатку года індэкс спажывецкіх цэн вырас на 1%.

Базавая інфляцыя, якая выключае змяненне цэн на сезонныя і рэгуляваныя тавары і паслугі, у лютым склала 0,5%, або столькі ж, колькі і ў студзені, а з пачатку года яна дасягнула 0,8%.

У лютым у параўнанні са студзенем харчовыя тавары падаражэлі на 0,8%, нехарчовыя — на 0,2%, а паслугі — на 0,7%.

З пачатку года харчовыя тавары выраслі ў цане на 1,4%, нехарчовыя — на 0,3%, а тарыфы на паслугі падняліся на 1,4%.

За год прырост цэн на харчовыя тавары склаў 8,7%, на нехарчовыя тавары — 2,1%, а тарыфаў на паслугі — на 5,4%.

Нагадаем, мэтавы паказчык па інфляцыі на 2026 год складае не больш за 7%.

🔥 Падтрымайце Reform.news донатам!